Беларусь прыпыніла дзеянне ДЗУСЕ з Польшчай і Чэхіяй

Перакідка танкаў у раён вучэнняў 

Перакідка танкаў у раён вучэнняў  / @modmilby

Аляксандр Лукашэнка падпісаў аб прыпыненні дзеяння Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ) у дачыненні да Польшчы і Чэхіі. Раней дакумент зацвердзілі абедзве палаты беларускага парламента.

"Прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе ад 19 лістапада 1990 года ў дачыненні да Рэспублікі Польшча і Чэшскай Рэспублікі", — гаворыцца ў законе, тэкст якога апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Цяпер Беларусь не будзе паведамляць Варшаве і Празе інфармацыю аб звычайных узбраеннях і тэхніцы. У краіну таксама не пусцяць інспектараў з гэтых дзяржаў для кантролю за тым, як Беларусь выконвае колькасныя абмежаванні па звычайных узбраеннях і тэхніцы, вызначаныя дагаворам. Пры гэтым у дачыненні да іншых краін-удзельнікаў Беларусь "будзе працягваць выконваць ДЗУСЕ". Пра гэта паведамлялася раней.

Адзначым, што рашэнне Беларусі прыпыніць дзеянне ДЗУСЕ ў дачыненні да Польшчы і Чэхіі — гэта мера ў адказ. Чэхія адмовілася выконваць пункты ДЗУСЕ ў дачыненні да афіцыйнага Мінска яшчэ ў жніўні 2022 года, Польшча — у сакавіку 2023 года. Між тым, першапачаткова ўдзельнікамі Дагавора аб звычайных узброеных сілах у Еўропе, які быў падпісаны ў лістападзе 1990 года ў Парыжы, былі 16 дзяржаў-удзельніц НАТА і 6 дзяржаў-удзельніц Арганізацыі Варшаўскага дагавора (Балгарыя, Венгрыя, Польшча, Румынія, СССР і Чэхаславакія). Пасля распаду СССР, роспуску АВД, падзелу Чэхаславакіі і аб'яднання Германіі ўдзельнікамі ДЗУСЕ сталі 30 дзяржаў, у тым ліку ўсе былыя савецкія рэспублікі. Пазней — у сувязі з уступленнем шэрагу былых членаў Варшаўскага дагавора ў НАТА — палажэнні дамовы перагледзелі, яе адаптавалі пад новыя рэаліі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі