Палата прадстаўнікоў ухваліла прыпыненне ДЗУСЕ ў дачыненні да Польшчы і Чэхіі
Беларускія вайскоўцы
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў 19 верасня ўхвалілі закон, які прыпыняе дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ) у дачыненні да Польшчы і Чэхіі. Пра гэта паведаміла прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Гэта азначае, што Беларусь не будзе паведамляць гэтым краінам інфармацыю наконт звычайных узбраенняў і тэхнікі. Таксама ў Беларусь не пусцяць інспектараў з гэтых краін для кантролю за тым, як наша краіна выконвае колькасныя абмежаванні па звычайных узбраеннях і тэхніцы, вызначаныя Дамовай. "У дачыненні да іншых дзяржаў-удзельніц Рэспубліка Беларусь будзе працягваць выконваць ДЗУСЕ", — адзначаецца ў паведамленні.
Цяпер гэты дакумент яшчэ павінен ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандр Лукашэнка.
21 сакавіка ўрад Польшчы пастанавіў не выконваць палажэнні ДЗУСЕ ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. Чэхія апавясціла пра такое ж рашэнне яшчэ ў жніўні 2022 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.