Польшча ўсталявала “пражытковы мінімум” для замежных турыстаў
20 еўра на дзень.
Амбасада Польшчы ў Беларусі апублікавала патрабаванні да наяўнасці грашовых сродкаў, якія павінны мець грамадзяне нашай краіны, вандруючы па польскай тэрыторыі. Паводле гэтых правілаў, трэба мець 300 злотых (болей за 70 еўра), калі паездка не перавышае чатыры дні. Калі ж беларусы плануюць знаходзіцца ў Польшчы больш працяглы час, то трэба мець па 75 злотых на дзень, або 17 еўра.
Пацвердзіць наяўнасць сродкаў можна таксама дарожным чэкам і даведкай аб даступным ліміце грошай на крэдытнай картцы ў банку Польшчы ці іншай краіны Еўрапейскага саюза.
Не меней за 20 злотых (каля 5 еўра) на кожны дзень трэба браць з сабой тым, хто едзе на турыстычны злёт, у моладзевы летнік, на спартовыя спаборніцтвы, а таксама плануе адпачываць у санаторыі ці працаваць па спецыяльнай праграме падчас летніх вакацыяў. Пры гэтым мэту паездкі трэба пацвярджаць дакументальна.
Для тых, хто збіраецца вучыцца ў Польшчы, трэба мець 1086 злотых (каля 258 еўра) на першыя два месяцы. Даведка аб залічэнні або навучанні абавязковая.
Транзітным падарожнікам трэба мець суму, роўную кошту квітка, але не меней за 200 злотых (каля 47 еўра), калі грамадзянін прыбыў з суседняй краіны. 500 злотых павінна быць у падарожнікаў, якія прыбываюць з краіны ЕС, 2500 злотых — калі прыбываюць не з краіны-сябра ЕС.
Вандроўнікі могуць выкарыстоўваць як польскія злотыя, так і іншую замежную валюту.