Польшча ўводзіць біяметрычныя візы. Што зменіцца для беларусаў?

“Калі мы вас да 29 студзеня зарэгіструем, то будзе без адбіткаў пальцаў. Калі пазней, то падыдзеце, здадзіце. У вас жа ўсё адно будзе асабістая падача дакументаў. Палякі для шматразовай візы просяць асабістую падачу, так што, нічога не зменіцца”, — расказваюць мне ў фірме “Стэлла віа”, праз якую “спрабую” зрабіць сабе гадавы польскі шэнген “на закупы”.

У канторы мяне запэўніваюць, што можна не спяшацца з падачай — для тых, хто робіць сабе гадавыя візы на паездкі ў беластоцкі “Ашан” і варшаўскую “Ікею”, перамены будуць мінімальнымі.

Іншая справа — аднаразавыя турыстычныя візы на паездкі ў Кракаў, Вялічку і Закапанэ. Пакуль для іх атрымання асабістая прысутнасць не патрэбная. Дастаткова купіць тур у аператара, пакінуць яму пашпарт з фатаздымкам і ўсё — запаўненне анкеты і паход у консульства застаецца на плячах супрацоўнікаў турфірмы. Але пасля 29 студзеня лавачка зачыняецца.

Павінна зачыніцца. Але ў турфірме “Бліс”, дзе я спрабую замовіць тыднёвую паездку ў Закапанэ, мяне абнадзейваюць: стаяць у чэргах ля консульства мне не давядзецца. Для паездак у Польшчу гэтая турфірма робіць беларусам… літоўскія візы.

“Візу мы самі адкрываем. У нас ёсць візавая падтрымка — 70 еўра з чалавека. Глядзіце, мы першапачаткова спрабуем зарэгістраваць людзей у польскай амбасадзе, але гэта вельмі складана зрабіць. Шмат праблем. Таму рэгіструем у літоўскай і нашым турыстам адкрываем літоўскія візы”, — расказвае супрацоўніца.

На мяжы праблем таксама не ўзнікае, бо вязуць турыстаў на аўтобусе праз беларуска-літоўскую мяжу ў Друскеніках. На радзіму вяртаюць такім жа чынам. Усё ціп-топ. Адно, што замест Польшчы прыбыткі ад выдачы візаў атрымлівае Літва, але што да гэтага беларусам.

Рэдактар выдання “Турызм і адпачынак” Лілія Кобзік кажа, што ўвядзенне шэрагам краін ЕС біяметрычных віз будзе праблемай для беларускіх тураператараў. У першую чаргу, тым, што значна запаволіцца працэс выдачы віз.

“Безумоўна, гэта паўплывае на працу тураператараў. І не толькі на польскім накірунку, але і на іншых, хто таксама ўводзіць біяметрычныя візы. Мы ведаем, што турагенты, так бы мовіць, псіхалагічна рыхтуюцца да перамен. Ужо відавочна, што запаволіцца працэс атрымання віз”, — гаворыць Лілія Кобзік.

На яе думку, праблему не дапамогуць вырашыць нават візавыя цэнтры, якія збіраецца ствараць у Беларусі польская амбасада. Эксперт прыводзіць прыклад іспанскага візавага цэнтра, з якім беларускія турфірмы так і не змаглі наладзіць працу — працягваюць вазіць беларускія пашпарты ў Маскву.

Акрамя гэтага, увядзенне біяметрычных віз ужо змяняе накірункі працы тураператараў з Беларусі, расказвае Кобзік.

“Напрыклад, фірмы, якія займаюцца Грэцыяй, таксама баяцца гэтай біяметрыі. Яны цяпер гатовыя перагледзець свае праграмы, нешта падцягнуць, ад нечага адмовіцца. Пераводзяць турыстаў з Грэцыі на Балгарыю, дзе пакуль біяметрыя не прадбачыцца”.

Рэдактар “Турызму і адпачынку” таксама распавядае, што супрацоўніцтва турфірм з польскімі консульствамі не складваецца ўжо даўно. Таму атрыманне літоўскіх віз для паездак у Кракаў — звычайная справа. Увод Польшчай біяметрычных віз для беларусаў толькі замацуе гэтую з’яву.

Калі Польшча ўводзіць біяметрычныя візы для беларусаў і як гэта будзе выглядаць.

Калі: З 29 студзеня падача дакументаў абсалютна на ўсе польскія візы будзе адбывацца толькі асабіста. Але толькі раз на 5 гадоў.

Як: Уводзіцца працэдура здачы адбіткаў пальцаў. Яна будзе праходзіць у памяшканні консульства з выкарыстаннем электроннага сканера. Пэцкаць пальцы ў атраманце і пакідаць адбіткі на паперы не спатрэбіцца.

Для каго: Для ўсіх, старэйшых за 12 гадоў. У дзяцей адбіткі браць не будуць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі