Польскія дэпутаты ўхвалілі кандыдатуру пасла Польшчы ў Беларусі

Польскія дэпутаты ўхвалілі кандыдатуру пасла Польшчы ў Беларусі

Камісія замежных справаў Сейма Польшчы на пасяджэнні 10 лютага зацвердзіла кандыдатуру Конрада Паўліка на пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь. Прадстаўляў кандыдатуру дыпламата парламентарыям кіраўнік МЗС Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі. Адпаведнае паведамленне размешчанае на сайце Сейма.

Даведка Еўрарадыё: Конрад Паўлік, дыпламат і эканаміст. Нарадзіўся ў 1976 годзе ў Варшаве. З 2006 па 2007 год працаваў у Канцылярыі Прэзідэнта Польшчы. Затым перайшоў на працу ў Міністэрства замежных спраў. З 2010 па 2012 год працаваў у Пастаянным Прадстаўніцтве Польшчы пры Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця ў Парыжы. Пасля вяртання ў Польшчу працаваў ва Усходнім Дэпартаменце МЗС, а з жніўня 2014 быў яго дырэктарам. Выконваў таксама функцыю спэцыяльнага прадстаўніка Міністра замежных спраў па справах Усходняга Партнерства. Віцэ-міністр.

Што да палітыкі Польшчы ў дачыненні да Беларусі, то яе галоўныя накірункі падчас выступу перад дэпутатамі Сейма акрэсліў міністр замежных спраў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі:

“З надзеяй мы глядзім на адраджэнне адносін ЕС-Беларусь. Польская дыпламатыя не мае намеру ўмешвацца ў палітыку любой дзяржавы. Аднак, мы чакаем, асабліва ад суседзяў, захавання стандартаў, вызначаных законам, і міжнароднымі арганізацыямі. Вызваленне ўладамі беларускіх палітычных зняволеных, -- гэта крок у правільным накірунку захавання міжнародных стандартаў. Аднак, калі мы хочам ісці далей па гэтай дарозе, будуць неабходныя далейшыя сумесныя дзеянні. Мы разлічваем на актывізацыю супрацоўніцтва ў галіне інфраструктуры, у тым ліку паляпшэння прапускной здольнасці пагранічных пераходаў і спрашчэнне правілаў перасячэння мяжы, асабліва шляхам ўвядзення ў дзеянне Пагаднення аб малым памежным руху. Мы адначасова разумеем, што ў дыялогу з Мінскам не пазбегнуць складаных пытанняў. Праблемы польскай меншасці ў Беларусі застануцца на нашым парадку дня. Спадзяюся, што аб гэтых справах я пагавару ўжо хутка ў Мінску”

Калі новы амбасадар Польшчы прыедзе ў Мінск не вядома. Як і не абвешчаная яшчэ дата візіту міністра Вітольда Вашчыкоўскага ў Беларусь. Паводле інфармацыі Еўрарадыё, імаверная дата візіту міністра: пачатак траўня бягучага года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі