Польскія СМІ пра словы Алексіевіч: “Тысячы палякаў гінулі, ратуючы яўрэяў”
Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч зрабіла скандальную заяву пра стаўленне палякаў да яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны. Гэта адбылося на сустрэчы ў Нью-Ёрку.
Алексіевіч: “І вы ведаеце, што рабіла Польшча з яўрэямі... Я ведаю, адзін знаёмы журналіст у Польшчы напісаў, што палякі рабілі з яўрэямі. Палякі горш за ўсіх ставіліся да яўрэяў. І ксяндзы проста пропаведзі прамаўлялі: “забі яўрэя”.
Гэтыя словы выклікалі вялікі рэзананс у сусветных медыя, і перш за ўсё ў Польшчы. Тэлеканал tvp.info прыводзіць словы тамтэйшага МЗС, у якім гаворыцца, што “такога кшталту заявы не падмацаваныя фактамі і ў найвышэйшай ступені несправядлівыя, а таксама наносяць шкоду польскаму народу”.
Канал таксама сцвярджае, што пра стаўленне палякаў да яўрэяў расказвае музей у Марковай, што ў Падкарпацкім ваяводстве. Там запісаныя тысячы імёнаў палякаў, якія хавалі яўрэяў ад нацыстаў, рызыкуючы сваімі жыццямі. У гэтым месцы загінула сям’я Ульмаў, якую разам з дзецьмі расстралялі за тое, што яны хавалі ў сваёй хаце яўрэяў.
Польскае радыё распавядае пра адкрыты ліст з пратэстам да беларускай нобелеўскай лаўрэаткі, які напісалі прадстаўнікі фундацыі "Рэдута добрага імя" — тамтэйшай лігі супраць паклёпу, якая займаецца абвяржэннем непраўдзівай інфармацыі пра гісторыю Польшчы, асабліва ў перыяд ІІ сусветнай вайны.
Выданне Rzeczpospolita прыводзіць словы ксяндза Тадэвуша Ісаковіча-Залескага, які абураецца заявай Алексіевіч у фэйсбуку:
“Сцвярджэнне, што “ксяндзы пропаведзі прамаўлялі "забі яўрэя", — звычайная хлусня, а не пункт гледжання”.
Газета Wyborcza размяшчае артыкул, дзе расказваецца пра праект мемарыяла “Ацалелыя — ратавальнікам”. Яго плануюць стварыць у Варшаве па ініцыятыве бізнесмена і філантропа Жыгімонта Ролата, які выжыў падчас Халакосту. Амерыканскі бізнемен з Чанстаховы хоча такім чынам падзякаваць палякам, якія, рызыкуючы сваімі жыццямі, дапамагалі асуджаным на смерць яўрэям падчас Другой сусветнай вайны.
Абмяркоўваюць заяву Алексіевіч і ізраільскія СМІ. Сухія навіны пра тое, што з асуджэннем заявы Святланы Алексіевіч пачала выступаць польская грамадскасць, з’явіліся ў многіх выданнях краіны.
Ізраільскі партал cursorinfo.co.il пасля згадак пра прамову нобелеўскай лаўрэаткі заўважае, што падчас Другой сусветнай немцамі была заснаваная польская дапаможная паліцыя, якая ўдзельнічала ў арыштах, дэпартацыі і знішчэнні яўрэяў. Напады на яўрэяў працягваліся і пасля вайны, калі яны пачалі вяртацца ў Польшчу з канцлагераў з усёй Еўропы.
Найбуйнейшай антысеміцкай акцыяй быў пагром у Кельцах 4 ліпеня 1946 года, падчас якога было забіта 40 і паранена каля 50 яўрэяў. Пагром выклікаў масавую міграцыю яўрэйскага насельніцтва з Польшчы. Улады прыпісалі пагром “рэакцыянерам”, а каталіцкая царква ў асобе арцыбіскупа Хлёнды абвінаваціла ў пагроме саміх яўрэяў. Разам з тым, вядома, што каля 2000 палякаў былі пакараныя смерцю за тое, што дапамагалі яўрэям.