Рэжым пагражае адабраць у Святланы Алексіевіч яе мінскую кватэру — Ціханоўская
Святлана Алексіевіч у дзвярах сваёй мінскай кватэры, 2020 год
У беларускай пісьменніцы, нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч могуць забраць яе кватэру ў Мінску. Пра гэта піша ў Х кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская: "Сусветна вядомая беларуская пісьменніца і лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч ужо была вымушаная адправіцца ў выгнанне. Цяпер рэжым пагражае адабраць у яе мінскую кватэру ў якасці чарговага акта помсты. Тую самую кватэру, дзе еўрапейскія дыпламаты сабраліся, каб абараніць яе ў 2020 годзе".
Афіцыйна пра планы забраць у пісьменніцы кватэру ў РБ не заяўлялася. Але восенню з такой прапановай выступалі прапагандысты.
Алексіевіч ужо чацвёрты год вымушана жыве за мяжой — у Германіі. У 2020-м у Беларусі яна была ў складзе Каардынацыйнай рады, ёй пагражаў крымінальны пераслед (яе выклікалі на допыт у Следчы камітэт), за ёй сачылі. Аднойчы, калі ўзнікла пагроза затрымання, да Святланы Алексіевіч прыязджалі заходнія дыпламаты.
Кнігі пісьменніцы ў РБ правяралі "на наяўнасць экстрэмізму".
Святлана Алексіевіч была госцем праграмы Еўрарадыё “Ідэя Х”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.