26 нобелеўскіх лаўрэатаў заклікаюць вызваліць беларускіх палітвязняў

Палітвязні, ілюстрацыйнае фота

Палітвязні, ілюстрацыйнае фота / dpa

26 нобелеўскіх лаўрэатаў падпісалі заклік неадкладна вызваліць беларускіх палітвязняў. У іх ліку беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, украінская праваабаронца Аляксандра Мацвійчук, расійскі журналіст Дзмітрый Муратаў ды іншыя.

У звароце згадваецца, што за апошнія чатыры гады ў Беларусі былі рэпрэсаваныя больш за 50 000 чалавек, сотні тысяч былі вымушаныя пакінуць краіну, а тысячы людзей зазналі катаванні.

"Сярод іх сотні журналістаў, прафесараў, выкладчыкаў, лекараў, музыкаў, рабочых і студэнтаў, грамадскія дзеячы і праваабаронцы, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі.

Цэлыя сем'і, шматдзетныя маці, непаўналетнія, цяжкахворыя, пажылыя людзі і інваліды цяпер утрымліваюцца ў жудасных умовах. За апошнія дзесяцігоддзі Еўропа не бачыла гуманітарнай катастрофы, звязанай з палітычнымі рэпрэсіямі ў такіх маштабах на душу насельніцтва, як у Беларусі", — адзначаюць падпісанты.

Яны заклікаюць урады краін Еўрасаюза, а найперш — Польшчы, "прыняць неадкладныя меры для спынення жорсткіх рэпрэсій у Беларусі і ціску з мэтай вызвалення ўсіх палітычных зняволеных". У прыватнасці, Польшчы прапануюць такія меры ўдзеяння, як "часовае прыпыненне рэгулярных чыгуначных грузавых перавозак у ЕС з Беларусі, уключаючы транзіт з Расіі і Кітая".

У звароце гаворыцца, што для ўвядзення больш жорсткіх санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі ёсць прававыя падставы — напрыклад, рэзалюцыя Міжнароднай арганізацыі працы ад 12 чэрвеня 2023 г. (прывядзенне ў дзеянне пункта 33 Статута МАП). "Гэтая рэзалюцыя заклікае ўрады ўсіх краінаў свету ўвесці любыя абмежавальныя меры супраць рэжыму Лукашэнкі за сістэматычныя парушэнні працоўных і прафсаюзных правоў", — адзначаецца ў дакуменце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі