Пошліну для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, могуць увесці праз месяц
Пра гэта расказаў Еўрарадыё віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч на прамой лініі з газетай "Рэспубліка".
Пошліну для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, могуць увесці ўжо праз месяц. Пра гэта ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё падчас прамой лініі ў газеце “Рэспубліка” распавядае віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч. Паводле яго слоў, цяпер пытанне прапрацоўваецца.
Пётр Пракаповіч: “Вывучаем сітуацыю: і колькасць людзей, і з якой мэтай, кожны дзень ездзяць ці праз дзень. Бо сапраўды, сітуацыя не простая. У мінулым годзе мы ў Літву-Польшчу вывезлі 3 мільярды долараў. Але гэта не гаворыць пра тое, што мы нічога там не прадаём. Нашы людзі там прадаюць цыгарэты, паліва – зарабляюць на гэтым рынку”.
Пракаповіч адзначае, што хутчэй за ўсё гэта пошліна будзе датычыцца тых, хто вязе тавары на перапродаж, а не для сябе.
Пётр Пракаповіч: “Цэлыя аўтобусы камерцыйныя структуры наймаюць і пад выглядам таго, што для сябе вязуць тавары, якія потым перапрадаюцца нам жа. Вось гэтую нішу трэба ўскрыць. Гэтыя фірмы не плацяць мытныя пошліны, падаткаў — фактычна залазяць ў нашу з вамі кішэню. Гэта пытанне самае галоўнае перакрыць гэтыя лазейкі”.
Еўрарадыё: А як вы будзеце гэта кантраляваць? Аддзяляць тых, хто едзе за мяжу па тавары для асабістага карыстання і на перапродаж?
Пётр Пракаповіч: “Мяжа ж адсочваецца. Калі вы 50 разоў за год едзеце за мяжу і везяце 50-ы халадзільнік ці сукенку, дык зразумела, што вам гэтыя 50 халадзільнікаў ці 50 сукенак не патрэбныя”.
Але ці будзе нейкі ліміт на сукенкі, халадзільнікі ці іншыя тавары Пракаповіч не адказвае – маўляў, пакуль няма распрацаванай сістэмы.
Еўрарадыё: Але калі там танней у тры разы? Можа трэба задумацца, што ў нас дарагія рэчы? Ці нармальна, што ў нас кошт на тую ж сукенку – мільён ці паўмільёна?
Пётр Пракаповіч: "Ну, мяне сукенкі не цікавяць (Смяецца). Але калі я заходжу ў крамы і бачу, што вісяць імпартныя такія як і нашы, я наадварот магу сказаць… Вось на выхадных я ездзіў, хацеў набыць куртку. Беларускіх няма – польскія вісяць. Я думаў, што яны нейкія асаблівыя? Але не! Тая ж тканіна. Пытаюся, чаму беларускімі не гандлююць, тыя паціскаюць плячыма. То бок ім выгадней прадаваць імпартнае. Але мы павінны задумацца, чаму ў нас такія дарагія рэчы. Адна з прычын – манаполія некаторых фірм на імпарт тавараў – ёсць праблема. Але гэта рынак, тут рэгулюецца попытам і прапановай. Многія рэчы ў нас дарагія. Ёсць праблема і трэба вырашаць".
Лябедзька: Кампанія "Пошли на..." — гэта рэакцыя на палітычную шызафрэнію
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка, наведваючы на мінулым тыдні мінскі завод "Мотавела", выказаўся аб магчымым увядзенні ў краіне "выязной пошліны" для фізічных асоб, якія выязджаюць за мяжу.
"Нашы людзі сёння, якія нас усё крытыкуюць – бедная, жабрацкая краіна, а да 3 мільярдаў долараў вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і ўвозяць барахло, якое мы таксама выпускаем. Дык вось, я даўно даручыў: аж да таго, што з'язджаеш за межы краіны па гэтае барахло, заплаці пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем, плаці 100 долараў з носа і едзь за мяжу", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Адзначым, што знайсці распрацоўшчыкаў новай пастановы або Указа Еўрарадыё не ўдалося.
У інфармацыйным аддзеле Мытнага камітэта гавораць, што такой інфармацыі не маюць. У прававым аддзеле таксама не атрымоўвалі ніякіх падобных даручэнняў. Але тут прызнаюць, што, магчыма, гэтым займаецца нейкі іншы аддзел.
Не паступала пакуль ніякіх даручэнняў і памежнікам, — пра гэта Еўрарадыё расказваюць у прэс-цэнтры Памежнага камітэта.
Распрацаваць дакумент, які можа ўвесці збор за перасячэнне мяжы, маглі даручыць Саўміну. Але і прэс-службе Саўміна пра гэта нічога не вядома.
Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў — гэта дзяржаўная ўстанова, якая забяспечвае падрыхтоўку праектаў заканадаўчых актаў. Калі нешта рыхтуецца, то тут дакладна мусяць ведаць. Але, як паведамілі Еўрарадыё, даручэння распрацаваць нейкі законапраект, які ўводзіць плату за перасячэнне мяжы грамадзянамі, тут таксама не атрымлівалі.
Эканаміст Леанід Заіка і юрыст Міхаіл Пастухоў выказвалі ў размове з Еўрарадыё меркаванне, што словы Аляксандра Лукашэнкі носяць чыста эмацыйны характар і гэта толькі рэакцыя на складаную сітуацыю. Акадэмік Пётр Нікіценка кажа, што "да гэтай заявы трэба ставіцца як да таго, што ёсць праблема і пастаўлена пытанне".
Цікава, што па дадзеных Памежнага камітэта, толькі за 6 месяцаў 2013 мяжу з Польшчай, Літвой і Латвіяй, а таксама мяжу ў аэрапорце, перасякалі каля 8,4 мільёна разоў! Гэта без уліку перасячэнняў мяжы з Расіяй і Украінай. Калі браць па 100 долараў "з носа" — выйдзе 840 мільёнаў долараў за першыя 6 месяцаў. За год прыбытак з улікам летніх адпачынкаў можа пераваліць за 2 мільярды.
Фота — telegraf.by