Позва прыйшла, калі ўжо былі ў Літве — экс-вядучая БТ аб прычынах ад'езду

Кацярына Пытлева / facebook.com/katerina.pytleva
Кацярына Пытлева / facebook.com/katerina.pytleva

Экс-вядучая БТ Кацярына Пытлева прызнаецца, што яны з мужам не планавалі з'язджаць з Беларусі, нягледзячы на складанасці з працай.

У разгар перадвыбарнай кампаніі Пытлеву знялі з эфіраў на тэлеканале "Беларусь 1", дзе яна вяла жаночае ток-шоу. Журналістка не стала чакаць звальнення і сышла сама. Пазней ёй давялося сысці і з радыё.  

Увосень складанасці пачалі ўзнікаць і ў яе мужа, індывідуальнага прадпрымальніка.

"Яго выклікалі ў РУУС. Так і заявілі — паступіла распараджэнне разабрацца ў эканамічнай дзейнасці", — расказала Пытлева ў інтэрв'ю "Нашай Ніве".

Затым з міліцыі патэлефанавалі ўжо ёй — сказалі, што паступіла заява. Заяўнік абураны адным з пастоў на старонцы журналісткі ў сацсетках, ён убачыў у апублікаваным малюнку абразу дзяржаўнага герба. Размова пра фотакалаж, дзе замест кветак — чорныя дубінкі, а ў цэнтры — шлем амапаўца. 

Пасля размовы з міліцыяй Кацярына параілася з адвакатам і сям'ёй і прыняла рашэнне з'ехаць з Беларусі.

"Па гэтым артыкуле (370 Крымінальнага кодэкса. — Еўрарадыё) мне маглі прысудзіць да года абмежавання волі", — кажа яна. Позва ад следчых прыйшла на яе адрас, калі сям'я ўжо была за мяжой.

"Я ніколі не хацела з'язджаць з Беларусі, нават пасля першых арыштаў калегаў яшчэ ўвосень. Некалькі разоў, калі суседзі папярэджвалі пра сачэнне пад пад'ездам, я з дзецьмі з'язджала і некалькі тыдняў не жыла дома. Але Следчы камітэт, можна сказаць, сам падштурхнуў нас да гэтага рашэння", — кажа Кацярына.

Журналістка прызнаецца, што гатовая адседзець суткі адміністрацыйнага арышту, але атрымаць тэрмін "па надуманай прычыне і ананімным даносе" яна не хоча, лічыць, што будзе больш карысная на волі, хай і ў іншай краіне. Цяпер яна жыве ў Літве і працуе на ютуб-канале "Маланка Медыя".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі