"Працэс незалежнага кіно пайшоў, і дзяржаву турбуе яго непадкантрольнасць"

"Працэс незалежнага кіно пайшоў, і дзяржаву турбуе яго непадкантрольнасць"

Тыдзень таму Мінкульт абнародаваў новы дакумент пад назвай "Аб мерах па стымуляванні развіцця кінематаграфіі", які мусіць змяніць правілы кінавытворчасці ў Беларусі. Дакумент вырашылі абмеркаваць з кінасупольнасцю, сустрэчу арганізавала Майстэрня сацыяльнага кіно. Ніхто з боку незалежных кінематаграфістаў не апладзіраваў дакументу, згодна з якім, праекты, якія атрымаюць дзяржпадтрымку, могуць быць рэалізаваныя толькі на базе “Беларусьфільма”. А каб атрымаць грант, кінавытворца павінен адпрацаваць… пяць гадоў па спецыяльнасці. І гэтак далей. Кіношнікі упэўненыя: незалежна ад іх меркавання, паперу правіць ніхто не будзе.

Кінакрытык Максім Жбанкоў і прадзюсар цэнтра “Бягучая чарапаха” Леанід Каліценя разважаюць пра законы, кіно і “Беларусьфільм”.

Максім Жбанкоў:

Падчас круглага стала мы запыталіся, у чым гэтае “стымуляванне”. Чыноўнікі адказалі, што ў размеркаванні бюджэту. Гэты дакумент— вынік дамовы Мінкульта з фінансавымі і падатковымі структурамі. Інакш кажучы, Мінкульт — гэта другасная інстанцыя, якая агучвае нейкі дзяржаўны інтарэс. А дзяржаўны інтарэс у нас цяпер вельмі просты — грошы.

 

Беларускі кінапрадукт будзе патрабаваць дзяржаўнай рэгістрацыі. За яе трэба заплаціць. Гэта ўмова, без якой не трапіш у пракат. Але, як выдаецца рэгістрацыя, незразумела, як і незразумела, на якіх умовах яна можа быць адкліканая. А яна можа быць адкліканая калі заўгодна.

 

Самае небяспечнае, што ёсць у гэтым тэксце — абсалютная беспакаранасць дзяржструктур: не прапісаныя ані крытэрыі прыняцця рашэнняў, ані механізмы. І гэтая размытая прастора сэнсу стварае неабмежаваную магчымасць для адміністрацыйных імправізацый.

 

Нас чакае сістэма бюракратычна-адміністрацыйнага кінематографа. Тое, што было ў найгоршыя сталінскія часы. Але з адным адрозненнем. Тады была дзяржаўная ідэалогія. Было што раскручваць і што ператвараць у кінавідовішча. Цяпер няма ані сродкаў на дзяржідэалогію, ані самой той ідэалогіі.

 

Галоўная хіба гэтага праекта — стаўленне да кіношнікаў, як да фабрыкантаў абутку ці экспарцёраў бананаў. Вельмі тонкая справа падтрымкі крэатыву ператвараецца ў кантроль за суб’ектам гаспадаркі. У лепшым выпадку — падтрымка дзяржаўнага манапаліста, кінастудыі “Беларусьфільм”. Дзяржкінематограф ляснецца разам з сістэмай, альбо будзе існаваць як кардэбалет зомбі-шоў.

 

Леанід Каліценя:

Чыноўнікі, якія засталіся за бортам мэйнстрыму, яшчэ больш адарвуцца ад творцаў. Творцы, у сваю чаргу, будуць далей шукаць ка-прадакшн з расійскімі, украінскімі, літоўскімі і польскімі калегамі. Кепскай будзе якасць кантэнту на беларускім тэлебачанні, і некаму давядзецца несці за гэта адказнасць. А аўтары свабодныя.

 

Уся маладая хваля беларускіх кінематаграфістаў адразу нараджаецца інтэграванай у сусветны кінематограф. Гэтая хваля абмінае “Беларусьфільм” і дзяржаву. Дзяржаву гэта турбуе больш за ўсё – непадкантрольнасць!

 

Незалежнае беларускае кіно развіваецца добрымі тэмпамі. І чым больш дзяржава будзе падтрымліваць “Беларусьфільм”, тым горш для “Беларусьфільма”. Чым долей ён застаецца дэзінтэграваным, не абнаўляецца, тым мацней ён грымнецца, калі стане відавочнай яго недзеяздольнасць.

 

У межах праекта “Сваё кіно” толькі за апошнія паўгода мы паказалі адзінаццаць прац дзевяці аўтараў. За год “Беларусьфільм” зрабіў адзін альманах з пяці аўтараў і пяці працаў. Палічыце, колькі грошай укладзена ў “Беларусьфільм”, і што на выхадзе, колькі грошай укладзена ў незалежнае кіно, і які вынік.

 

Магчыма, “Беларусьфільму” лепш застацца ў якасці інфраструктуры, якая забяспечвае кінапрацэс і не лезе ў творчасць. Тады, магчыма, ён знойдзе сваю форму бізнес-існавання.

 

Калі мы задалі пытанне: “Які бюджэт фільма “Сляды на вадзе”, Ігар Поршнеў (дырэктар “Беларусьфільма”) адказвае: “Не трэба гаварыць пра грошы”. Хлопцы, трэба гаварыць пра грошы! Фільм з бюджэтам у мільён долараў мае касу ў 43 тысячы — гэта не фіяска, гэта амаль крымінальнае злачынства.

 

Будзе далей рост беларускага кіно. Выпуску паспяховых беларускіх поўных метраў я чакаю з наступнага года. Бо кароткіх паспяховых метраў — пальцаў на руках не хапае пералічыць. Прэм’еры амаль кожны месяц, платформа “Лістапада” перапоўненая заявамі, працэс пайшоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі