Працяг гісторыі з субсідыямі на будаўніцтва жылля, міністр папрасіў прабачэння
Дзеянне ўказа № 585 кіраўніка дзяржавы, па якім маладыя сем’і з адным дзіцём і шматдзетныя сем’і маглі атрымаць субсідыі на будаўніцтва жылля, збіраюцца працягнуць. З такой ініцыятывай выступіла Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі, інфармуе БЕЛТА. Субсідыя складала 40 бюджэтаў пражытковага мінімуму (7,3 тысячы рублёў). Аднак нядаўна з’явіўся ўказ кіраўніка дзяржавы № 240, які ўказ № 585 адмяняе. Сем’і, якія не дабудуюць жыллё да 6 жніўня, дапамогу ўжо атрымаць не маглі. У новым указе пашыраецца колькасць катэгорый атрымальнікаў субсідый, дадаюцца пракурорскія работнікі, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Памер саміх субсідый стане большым.
“Адмена ўказа № 585 была перадчаснай, мы прыносім свае прабачэнні”, — цытуе словы міністра архітэктуры і будаўніцтва Анатоля Чорнага партал tut.by. Ён адправіў кіраўніку дзяржавы прапанову з просьбай перагледзець заканадаўства, каб тыя сем’і, якія ўступілі ў будаўніцтва ў мінулым годзе і сёлета, змаглі субсідыямі, якія прадстаўляў указ № 585, карыстацца. Чорны прынёс прабачэнні гэтым людзям за недапрацоўку. Мяркуецца, што дзеянне ўказа № 585 будзе распаўсюджана на дамы, якія здадуць да першага квартала 2018 года.
Намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін пазней заявіў, што “неабходна выпрацаваць механізм плаўнага пераходу ад указу № 585 да ўказу № 240”.