Працягнутыя з-за COVID пашпарты дзейнічаюць толькі ўнутры краіны — Мінюст
Пашпартны кантроль у аэрапорце / travel.otzyv.by
Пашпарты, тэрмін дзеяння якіх падоўжаны на шэсць месяцаў, сапраўдныя толькі ўнутры краіны, распавяла прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Марына Мельнікава ў эфіры Беларускага Радыё. Выехаць па такім дакуменце за мяжу ў большасці выпадкаў будзе немагчыма.
"Працягнутыя пашпарты грамадзян не з'яўляюцца сапраўднымі для перасячэння дзяржаўнай мяжы", — сказала Мельнікава.
Выехаць з такім пашпартам за мяжу можна будзе толькі ў тым выпадку, калі замежная дзяржава будзе гатова прызнаць дакумент у рамках адпаведных двухбаковых пагадненняў з Беларуссю.
"Калі такой дамоўленасці няма, значыць, пашпарт можа быць выкарыстаны грамадзянінам толькі на тэрыторыі нашай краіны", падкрэсліла прадстаўніца Мінюста.
Пры гэтым яна адзначыла, што аформіць новы пашпарт па-ранейшаму можна. "Аўтаматычнае падаўжэнне тэрміну дзеяння дакумента не перашкаджае ні грамадзянам, ні юрыдычным асобам звярнуцца ў кампетэнтны орган", сказала яна. Орган будзе абавязаны разгледзець заяву і выдаць новы дакумент.
У канцы лістапада Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб прадаўжэнні тэрміну дзеяння дакументаў". Рашэнне было прадыктавана складанай эпідсітуацыяй, выкліканай пандэміяй каранавіруса. Указ прадугледжвае падаўжэнне на шэсць месяцаў тэрміну дзеяння шэрагу дакументаў, якія становяцца несапраўднымі ў перыяд з 10 лістапада 2020 года да 10 траўня 2021 года. У спісе дакументаў, на якіх распаўсюджваецца гэтае рашэнне, акрамя пашпартоў — вадзіцельскія пасведчанні і разнастайныя даведкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.