Прадпрымальнікі Чэрвеньскага рынку збіраюцца масава спыніць гандаль з 1 студзеня
У Мінску прадпрымальнікі Чэрвенскага рынку, якія гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці, намераныя масава прыпыніць сваю дзейнасць з 1 студзеня 2016 года. Прычынай яны называюць патрабаванні тэхрэгламенту Мытнага саюза "Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці". Сход індывідуальных прадпрымальнікаў, прысвечаны гэтаму пытанню, прайшоў 25 лістапада, перадае БелаПАН.
Прадпрымальнікі пісьмова паведамілі адміністрацыі рынку, што намераныя з пачатку года спыніць арэнду плошчаў. Такія заявы падалі больш за 70 ІП, кажа сябра рады прадпрымальнікаў рынку, актывіст РГА "Перспектыва" Васіль Бараноўскі.
Па яго словах, прадпрымальнікі бяруць тавар пераважна ў Маскве, а там афіцыйных дакументаў на тавар ніхто нікому не дае. "А калі даюць — узнікаюць праблемы: прызначаецца сустрэчная праверка ў Расіі па лініі МПЗ, і прадаўцы, як правіла, адмаўляюцца ад сваіх жа дакументаў, таму што яны не маюць права прадаваць прадукцыю за мяжу ў розніцу ", — заяўляе Бараноўскі.
Нагадаем, што згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі прадпрымальнікі не могуць прадаваць тавар лёгкай прамысловасці, увезены з краін Мытнага саюза, без сертыфікатаў. Пасля пратэстаў прадпрымальнікаў увядзенне ўказу ў дзеянне перанесенае на 1 студзеня 2016 года.
Фота: sytki-minsk.com