Прадпрымальніку з Віцебска далі 20 сутак за БЧБ-сурвэткі
Віцебскі прадпрымальнік Уладзімір Пунько трапіў на 20 сутак у мясцовы ізалятар часовага ўтрымання за тое, што захоўваў у сваім аўтамабілі сурвэткі бел-чырвона-белага колеру, паведамляюць праваабаронцы.
Сурвэткі ляжалі пад лабавым шклом аўтамабіля. Іх пабачыў намеснік начальніка Чыгуначнага АУС Віцебску Дзмітры Курыленка, калі ішоў дамоў з працы. Ён зрабіў здымак і патэлефанаваў у дзяжурную частку.
Суддзя Алена Цыганкова, якая разглядала ў чацвер справу Пунько ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску, палічыла гэта "несанкцыянаваным пікетаваннем".
Пасля абвяшчэння вердыкту Пунько ўзяў пад варту супрацоўнік міліцыі на выхадзе з залы паседжанняў. Як адзначаюць праваабаронцы, "супрацоўнік МУС чакаў у калідоры яшчэ ад самага пачатку працэсу, верагодна, ужо ведаючы вынік суду".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.