Праект "Новая Беларусь" адзначае дзень народзінаў гастрафэстам у трох краінах

Мачанка

Мачанка / kitchen.727go.com

Праект Паўла Лібера "Новая Беларусь" у гонар свайго першага дня народзінаў ладзіць 10-дзённы Hastrafest Novaj Biełarusi.

Ён пройдзе з 1 па 10 снежня ў трох краінах і пяці гарадах — Варшаве, Гданьску, Познані, Тбілісі і Вільні. Падчас гастрафэсту 11 беларускіх бараў, кавярняў і рэстаранаў прыгатуюць на новы лад 35 страваў і напояў, здаўна папулярных у Беларусі.

Напрыклад, віленская Karčma 1863 прыгатуе "Сэт старадаўняга экстрэміста", прысвечаны Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. У ім кожная страва будзе звязаная з жыццём ці творчасцю драматурга.

Кухар бара MY ў Познані прыгатуе мачанку паводле даўняга рэцэпту сваёй бабулі з-пад Барысава. У гданьскім бары Mirzam мачанка будзе веганскай — "каб вярнуць гэтую страву з дзіцячых успамінаў у талеркі беларусаў і беларусак, якія не ўжываюць ежу жывёльнага паходжання". У варшаўскім бары GiGi можна будзе пакаштаваць модны кактэйль з бурачным хрэнам.

У тбіліскім бары 5327° плануюць гатаваць амаль усе культавыя беларускія стравы: там будзе і верашчака, і бульбяная бабка (у вегетарыянскім варыянце), і культавая тройка напояў (збіцень, крамбамбуля, хрэнавуха), і шмат чаго яшчэ.

Гасцям гастрафэсту абяцаюць і некалькі прыемных сюрпрызаў. 2 снежня карыстальнікі аплікацыі "Новая Беларусь" разам з гастрафэстнай стравай атрымаюць "камплімент" ад "Новай Беларусі". А падчас усяго гастрафэсту ў месцы-ўдзельнікі будуць прыходзіць вядомыя беларусы і беларускі, з якімі ўсе ахвочыя змогуць разам пачаставацца беларускімі стравамі і пагаварыць за жыццё.

Поўны спіс удзельнікаў, іх стравы з гісторыямі, кошты і ўсе важныя навіны можна пабачыць у суполцы Hastrafest Novaj Biełarusi у аплікацыі "Новая Беларусь".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі