"Праігнаравалі амаль 96% доказаў, якія я ім падаў" — Гнёт пра суд у Сербіі

Андрэй Гнёт

Андрэй Гнёт / andrewgnyot / Instagram

"Зараз у адвакатаў ёсць магчымасць і неабходнасць падрыхтаваць апеляцыйную скаргу, і ў іх ёсць на гэта тры дні. На працягу трох дзён яны павінны гэта зрабіць, і таксама ў мяне будзе магчымасць напісаць скаргу ад сябе персанальна, калі ў мяне будзе рашэнне суда на рускай мове", — кажа рэжысёр Андрэй Гнёт у каментары Еўрарадыё.

Потым скарга павінна пайсці ў апеляцыйны суд, там будуць слуханні. Рашэнне аб экстрадыцыі прымаецца двума судамі, і апеляцыйны суд больш важны, тлумачыць палітуцякач:

"І пасля гэтага рашэнне павінен разгледзіць міністр юстыці. Але ведаеце, я вам скажу: здаецца, што ёсць час, але ні халеры у мяне часу няма, бо, як бачыце, у Сербіі всё вельмі павольна, калі гэта нікому не трэба, і вельмі хутка — калі гэта некаму трэба. Я ведаю кейс 2017 года з адным турэцкім актывістам, якога выдалі Турцыі вельмі хутка, таму сітуацыя зараз у мяне вельмі складаная".

Ці ёсць іншыя варыянты?

"Сітуацыя даволі дзіўная: я магу падацца на бежанства ў самой Сербіі, але, глядзіце, калі краіна мяне не слухае… У тым рашэнні, я яго праглядзеў, амаль не закранутая тэма таго, што я палітычны актывіст, якую гэта небяспеку нясе. Яны праігнаравалі амаль 96% доказаў, якія я ім падаў. То бок, калі Сербія хоча мяне экстрадыраваць, як я магу ў Сербіі папрасіць палітычны прытулак? Я мог бы папрасіць прытулак у адной з еўрапейскіх краінаў, але пакуль не бачыў рэальных крокаў з іх боку, каб яны мне дапамагалі. І таму я зараз проста намагаюся, каб мы ад слоў пераходзілі да спраў. Бо зараз вельмі шмат слоў, але няма спраў", — канстатуе Андрэй Гнёт.

Як распавядала Еўрарадыё, Вышэйшы суд Сербіі прыняў рашэнне пра экстрадыцыю Андрэя Гнёта ў Беларусь. Рэжым Лукашэнкі абвясціў яго ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпалу, абвінаваціўшы ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.

Андрэй Гнёт — рэжысёр, палітуцякач і сузаснавальнік "Свабоднага аб'яднання спартоўцаў SOS BY". Пасля затрымання ён сем месяцаў правёў у сербскай турме, цяпер перабывае пад хатнім арыштам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі