Праваслаўны святар, які з'ехаў з Беларусі з-за рэпрэсій, пачаў служыць у Польшчы
Андрэй Ноздрын
Праваслаўны святар Андрэй Ноздрын, які ў канцы мінулага года з'ехаў з Беларусі з-за рэпрэсій, пачаў служыць у Польшчы. Раней ён перайшоў пад юрысдыкцыю Польскай праваслаўнай царквы (сінод РПЦ даў дазвол) і чакаў вызначэння месца свайго пастаяннага служэння. Гэта будзе Падляшша — вёска Малешэ і горад Браньск, паведаміў святар у Instagram.
"Пачынаючы з гэтай нядзелі ўжо буду служыць у храмах напераменку па нядзелях і на святы, — піша Ноздрын. — Буду па-ранейшаму служыць Богу і людзям. Мару, каб гэтыя храмы сталі месцам радасных сустрэч для малітвы і зносінаў як жыхароў гэтых мясцін, так і ўсіх тых, хто быў вымушаны аказацца з розных прычын на чужыне".
Андрэй Ноздрын — былы клірык Гродзенскай епархіі БПЦ і былы настаяцель храма ў Гродне. Скончыў Варшаўскую праваслаўную семінарыю, Варшаўскую багаслоўскую акадэмію. Працаваў у Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне. У жніўні 2020-га дапамагаў затрыманым падчас мірных пратэстаў: прывозіў у турму ваду і сродкі гігіены. Выступаў супраць вайны ва Украіне. У траўні 2022 года яго знялі з пасады пасля сямі гадоў службы ў царкве на Альшанцы. Міліцыя праводзіла са святаром прафілактычную гутарку. А восенню 2023-га яго судзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" і аштрафавалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.