Камбініраваных праязных у Мінску больш не будзе
У Мінску застануцца толькі праязныя на пэўную колькасць паездак або на пэўны тэрмін / minsknews.by
З 16 жніўня ў Мінску ўводзіцца адзіны праязны дакумент на гарадскі грамадскі транспарт, піша агенцтва Минск-Новости са спасылкай на прэс-службу Мінсктранса. З гэтым праязным можна будзе карыстацца ўсімі відамі наземнага транспарту, а таксама метро. Кошт такога праязнога на месяц складзе 51 рубель 5 капеек.
Напярэдадні на Нацыянальным прававым партале было апублікаванае рашэнне Мінгарвыканкама аб новых тарыфах на гарадскія пасажырскія перавозкі. Як і анансавалі раней чыноўнікі, істотна скарацілася колькасць розных праязных. У прыватнасці, зніклі камбініраваныя праязныя (на два віды транспарту).
Кошт квітка на адну паездку з 16 жніўня не зменіцца. Квіток будзе каштаваць 85 капеек пры куплі загадзя і 90 капеек, калі купляць у кіроўцы. Праязныя дакументы, набытыя да 16 жніўня, будуць дзейнічаць на ранейшых умовах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.