Праз непагадзь у Беларусі без святла застаецца каля 500 населеных пунктаў
Віцебскія электрыкі аднаўляюць электразабеспячэнне / фота: "Белэнерга"
Вечарам 30 снежня ў Беларусі заставаліся без святла 485 населеных пунктаў, паведамляе прэс-служба прадпрыемства "Белэнерга".
29 снежня ў Гомельскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцях назіраліся неспрыяльныя ўмовы надвор'я. Праз магутныя парывы ветру, ледзяны дождж і галалёд на лініях электраперадач здараліся аварыі.
Энергетыкі заняліся іх ліквідацыяй і аднаўленнем электразабеспячэння ў той жа дзень, дадае прэс-служба. Асноўнымі прычынамі адключэнняў былі: абмаражэнне дратоў ЛЭП, павышаная ветравая нагрузка, падзенне галін і дрэў, пашкоджанне апор і абрывы дратоў ліній электраперадачы.
"Па стане на 17.00 30 снежня энергетыкамі Віцебскай і Магілёўскай вобласці праводзяцца работы па аднаўленні электразабеспячэння ў 485 населеных пунктах", — расказалі ў ведамстве.
Як адзначаюць у "Белэнерга", у 438 населеных пунктах пражывае менш за 50 жыхароў. А з пачатку сутак адноўленае электразабеспячэнне 330 населеных пунктаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.