Прэм'ер Галоўчанка прапануе аднавіць рух паміж краінамі ЕАЭС
Беларуска-расійская мяжа / sb.by
Патроху аднаўляць транспартныя зносіны паміж краінамі Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) прапанаваў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.
Межы закрылі з пачаткам пандэміі. Цяпер, на думку прэм'ера, краіны назапасілі вопыт па стрымліванні інфекцыі, а значыць, можна патроху дазваляць перамяшчэнні людзей.
"Улічваючы атрыманы вопыт па стрымліванні інфекцыі, разлічваю на больш актыўны дыялог паміж нашымі міністэрствамі аховы здароўя, транспарту па паступовым аднаўленні зносін для палягчэння дзелавых кантактаў і працоўнай міграцыі", — сказаў Галоўчанка на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, перадае ТАСС.
Беларускі прэм'ер таксама нагадаў, што таварапаток ва ўмовах пандэміі ўдалося захаваць.
Пры гэтым Галоўчанка чарговы раз пазначыў сваю пазіцыю па інтэграцыі: рэальная інтэграцыя ў рамках ЕАЭС немагчымая без стварэння адзіных энергетычнага і транспартнага рынкаў. Цяпер пытанні цаны на энерганосьбіты застаюцца прадметам двухбаковых перамоў краін — удзельніц аб'яднання і пастаяннай праблемай для беларускага боку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.