Прэмію Парламенцкай асамблеі NATO Ціханоўская прысвяціла беларускім жанчынам

Святлана Ціханоўская атрымала прэмію ПА NATO

Святлана Ціханоўская атрымала прэмію ПА NATO / прэс-служба Ціханоўскай

9 кастрычніка Святлана Ціханоўская атрымала прэмію Парламенцкай асамблеі NATO "Жанчыны — за мір і бяспеку". Гэта адбылося падчас сесіі асамблеі ў Капенгагене.

Беларуская лідарка прысвяціла ўзнагароду ўсім беларускім жанчынам, паведамляе яе прэс-служба.

У сваёй прамове Ціханоўская згадала беларуску, узятую ў закладніцы ў Ізраілі: "Прымаючы сёння гэтую ўзнагароду, я не магу не думаць пра ізраільскіх мужчынаў і жанчынаў, узятых у закладнікі тэрарыстамі. Адна з закладніц — 22-гадовая беларуска Лізавета Пруднікава з майго роднага горада Мікашэвічы. Спадзяюся, што яна і ўсе палонныя паспяхова вернуцца дадому".

Таксама палітык згадала палітзняволеных жанчын, якіх назвала "закладніцамі тэрарыстычнага рэжыму Лукашэнкі". У ліку такіх жанчын яна згадала Паліну Шарэнда-Панасюк, якой сёння вынеслі чарговы прысуд.

Не забылася Ціханоўская і пра сваякоў палітвязняў: "Наталля Пінчук, жонка нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, гэта і вашая ўзнагарода. Я сама жонка палітвязня і добра ведаю, як гэта. Такіх жанчын, як мы, у Беларусі тысячы. І гэта таксама іх узнагарода".

Ціханоўская стала другой лаўрэаткай прэміі "Жанчыны — за мір і бяспеку", якая прадстаўляе краіну, што не ўваходзіць у NATO.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі