Прэзентацыя на Еўрарадыё: EP “Не прощаемся” ад Ride Too Slow
Новы гурт вакаліста The Cranks і “Марки” Мікалая Сапунова спадзяецца аднойчы сабраць "Мінск-Арэну" і зрабіць пласцінку з сапраўдным саўнд-прадзюсарам.
Пасля 10-гадовай паўзы некалі фронтмэн мінскіх брыт-рок-каманд The Cranks і “Марки” Мікалай Сапуноў вяртаецца на сцэну з новым гуртом Ride Too Slow. Музыкі прэзентуюць на Еўрарадыё дэбютны EP “Мы не прощаемся”.
“Напэўна, сказаць, што нейкія сучасныя тэндэнцыі на нас паўплывалі, будзе няпраўдай. Таму што ўплывае ўсё ж тое, што ты пачуў у юнацтве, калі табе 20 гадоў і ў цябе свежыя мазгі, — распавядае Сапуноў, які цягам 10 гадоў працуе ў музычных крамах, на West Records і трымае ўласную музычную студыю. — То бок, напэўна, скажуць, што мы граем брыт-поп ці нешта каля гэтага. Я слухаю сучасную музыку, але не скажу, што тое, што мы робім, падобна да яе, і яно, напэўна, не падобнае да таго, што я слухаю. Калі я граў у іншых гуртах, зразумела, што ў той час грымелі Oasis, Verve і “Мумий Тролль”, які, дарэчы, таксама паўплываў на рускамоўнасць Ride Too Slow. Бо некалі Ілля Лагуценка сказаў, што спяваць на нашай тэрыторыі па-англійску — гэта тое самае, як спяваць па-руску ў Японіі”.
Іпішку складаюць 5 песень, якія, сцвярджаюць музыкі, “самыя гатовыя на дадзены момант, самыя найлепшыя па аранжыроўцы” з таго, што створана за паўгода існавання каманды. Паплечнікі Сапунова — удзельнікі маладых мінскіх каманд Remind, Infracoraline, Milque Twins, The Crystals Максім Грачуха, Аляксандр Савіцкі, Пётр Мінчанка.
“Я заўсёды граў у гуртах, якія спявалі па-англійску, а тут пачуў песні на рускай мове з небанальнымі тэкстамі, — дзеліцца ўражаннямі ад сумеснай працы гітарыст Максім Грачуха. — Мне спадабаўся настрой, які быў у Колевых песнях — вельмі мне блізкі. І я падумаў: чаму б і не? Гэта нешта новае, новы віток у развіцці мяне як чалавека, які грае. Таму я пагадзіўся на прапанову Колі граць разам”.
У бліжэйшых планах Ride Too Slow — распачаць канцэртную дзейнасць, у далёка бягучых — трэцімі пасля Каржа і Саладухі сабраць “Мінск-Арэну”, а таксама запісаць альбом з нармальным саўнд-прадзюсарам.
“З заходнім, расійскім, украінскім, які б проста паказаў нам, наколькі можна раскрыць гэты матэрыял. У нас таксама ёсць добрыя гукарэжысёры, але рэалізаваць увесь патэнцыял матэрыялу могуць толькі там. Я б хацеў запісаць песню ці альбом, каб яны гучалі, як у Земфіры ці як у заходніх музыкаў”, — рэзюмуе Мікалай.
Спампаваць міні-альбом Ride Too Slow можна таксама на сайце Bandcamp.