Прэзентацыя на Еўрарадыё: ЕР “Голыя танцы” гурта “Мутнаевока”
Выданне змяшчае два трэкі, якія прэзентуюць канчатковае гучанне калектыву і папярэднічаюць новаму альбому.
Гурт “Мутнаевока” прэзентуе на Еўрарадыё ЕР “Голыя танцы”, які паказвае новы курс ды погляд рокераў на музыку.
“"Мутнаевока" вырашылі ўзяць самае яскравае з таго, за што яго палюбіла пэўная колькасць народу, і працягнуць працаваць у гэтым кірунку, — прызнаецца лідар і вакаліст гурта Яўген Змушка. — То бок можна лічыць, што гэты сінгл — першая спроба выканаць панк-рок — кірунак у якім мы рухаліся і ўвесь час распавядалі ў інтэрв’ю. На нашай і без таго кволай панк-сцэне амаль не засталося прадстаўнікоў. Хіба толькі “Дай Дарогу!”, але гэта ў асноўным трохакордавыя песні, якія, можна сказаць, больш да народу, больш попытавыя, кухонныя. А мы паспрабавалі паказаць, як панк-рок можа сёння гучаць у Беларусі і якія перспектывы ў яго ёсць”.
Рэліз змяшчае дзве новыя песні “Голыя танцы” і “Зоркі-крышталі”, якія пакуль не выконваліся нават на канцэртах. Загалоўны трэк сумяшчае пост-панк кшталту Joy Division ды дыска і, на думку Яўгена, можа падацца крыху назойлівым праз паўтарэнне рэфрэну.
“Мы зрабілі наўмысна ціск на гэтае словазлучэнне, — тлумачыць выбар галоўнай тэмы музыка. — Каб стварыць адпаведны настрой весялосці. Стану, які, на наш погляд, характэрны для беларусаў: сваё страцілі, чужога не займелі, а ўсё адно танчым — быццам голыя, але усё адно ад гэтага весела. Атрымліваецца такі своеасаблівы вэрхал”.
Цягам лета музыкі плануюць скончыць працу над новым альбомам, які будзе вытрыманы ў прадстаўленай на сінгле стылістыцы. Прычым, Яўген Змушка адзначае, музыкі “набілі дастаткова гузоў і цяпер ужо дакладна ведаюць, што ды як трэба гурту “Мутнаевока”” А таму, да запісу будуць падыходзіць больш адказна і старанна, чым раней.
Сінгл “Голыя танцы” запісваўся на студыі “Sunflower”у Трасцянцы пад Мнскам, звядзеннем, майстарынгам і саўнд-прадзюсаваннем займаўся Яўген Сухавей. Вокладку для рэлізу намаляваў Ігар Назаранка.
Бліжэйшы канцэрт “Мутнагавока” пройдзе 24 траўня ў TNT Rock Club, дзе, верагодна, можна будзе пачуць сінгл “Голыя танцы” на жыва.