Прэзентацыя на Еўрарадыё: "Группировка Беловежская пуща" — "Всё для тебя"
Альбом, у які ўвайшлі лепшыя творы каманды за 3 гады існавання (паслухаць+спампаваць). Увага, нецэнзурная лексіка!
Музычныя тэрарысты "Группировка Беловежская пуща" прэзентуюць на Еўрарадыё LP "Всё для тебя". Пласцінку складаюць 10 трэкаў, створаныя за 3 гады існавання гурта. Па словах лідара “Групоўкі” Фёдара Міхайлава, "Всё для тебя" — гэта маніфест супраць спажывецтва, у якім існуе сучаснае грамадства:
"Тэмы, якія там уздымаюцца, пачынаючы з песні "Мы танцуем этот рэгги под крики красных тракторов", актуальныя. Гэта пра тую лухту, якую мы чуем з блакітных экранаў. Людзі спажываюць не толькі прадукты харчавання, але і бессэнсоўныя лозунгі, кнігі, серыялы і іншае інфармацыйнае смецце, якое пасля пераўтвараецца ў духоўнае смецце і перашкаджае Чалавеку рухацца наперад".
"Группировка Беловежская пуща" створаная ў 2010 годзе Фёдарам Міхайлавым і Юрыем Мамчыцам. Электрычны склад гурта налічвае 8(!) музыкаў: бубнач, басіст, вакал і 5 гітарыстаў, якія патрэбныя для дасягнення пэўнага гучання.
Па словах Фёдара, музыка "Группировки Беловежская пуща" ствараецца насуперак модным тэндэнцыям. Гэта тычыцца і якасці запісу, і аранжыроўкі, і выкарыстання інструментаў. No-rock, які прапагандууе "Группировка" — гэта “музычны тэрор і новае стаўленне да палітыкі і музыкі”.
"N.R.M. злілі. "Ляпісы" — кінуліся ў камерцыю. А мы, "Группировка Беловежская Пуща", спрабуем як можам на дадзены момант спяваць пра тое, што ёсць вакол нас, нашых родных, блізкіх, сяброў, знаёмых, мінакоў. Без модных цішотак і штаноў. Без стыльных кліпаў і рэклам. Карацей, без правіл. Чужыя сярод сваіх. Свае сярод чужых", — не без пафасу заяўляюць удзельнікі гурта. З маніфестам каманды, якая пакуль выступае пераважна на кватэрніках, можна пазнаёміцца тут.
Дарэчы, летам лідар гурта Фёдар Міхайлаў самастойна запісаў 100-песенны цыкл, які складаецца з 10 альбомаў. Пласцінкі "ходзяць самвыдатам" па Беларусі, Расіі і Украіне.
На гэтым тыдні гурт пачынае здымкі дакументальнага 20-хвіліннага кіно пра сябе. Калі яго можна будзе ўбачыць, пакуль не ясна.
Фота: vk.com/gb_pushcha