Прэзентацыя на Еўрарадыё: "Лови" альбом ад дуэта NAVI

Мінскі дуэт NAVI, які складаюць музыкі Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка, прадстаўляе дэбютны альбом "Лови".

"Мы хочам, каб людзі злавілі нашу хвалю. Лавіце нас, наш альбом, лавіце гэтыя эмоцыі!" — тлумачыць назву пласцінкі Арцём Лук'яненка.

У альбом увайшлі песні, якія былі напісаныя вясной, непасрэдна пасля стварэння дуэта. Сярод іх — тры сінглы гурта, выдадзеныя раней. Праўда, музыкі прапануюць паслухаць сёння толькі 8 трэкаў. Астатнія 2 пакідаюць у якасці сюрпрызу да канцэртнай прэзентацыі.

"Гэтыя 10 песень для нас — вялікая гісторыя, — працягвае Лук'яненка. — То бок, нічога лішняга — ніякіх "левых песень", ці пазней прыдуманых — усё напісана ў адным ключы. Мы вельмі стараліся нешта новае прыўнесці. І некаторыя песні будуць нават дзіўныя па гучанні. Яны нібыта ўсе і падобныя, але ўсе розныя. Як розныя адценні аднаго настрою. Ёсць песні проста пад фано, а ёсць такі драйв-драйв. Людзі зразумеюць, што мы можам не толькі "мурлыкаць саплівыя песні", а яшчэ і паказаць вясёлую частку сябе".

Адразу пасля прэзентацыі "Лови" NAVI сядаюць у студыю для працы над новай пласцінкай. Арцём упэўнены, што "спыняцца нельга" і абяцае, што наступны шэдэўр ад NAVI будзе запісаны ў пашыраным складзе.

Арцём Лук'яненка: "Наступны матэрыял будзе больш жывым і дарослым. Там будуць думкі не толькі пра каханне, але і пра імкненне наперад у жыцці. І ў плане гучання будзе больш драйву, чым акустычнай гітары".

Прэзентацыя альбома "Лови" пройдзе 23 лютага ў кавярні Loft.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі