Прэзентацыя на Еўрарадыё: Песня "Дзякуй" ад Hurma i Pauline
Напярэдадні вялікага сольнага канцэрта ў клубе "Піраты" гурт Hurma запісаў дуэтны трэк з маладой спявачкай Pauline.
Маладое пакаленне беларускіх музыкаў, гурт Hurma і спявачка Pauline, прэзентуюць на Еўрарадыё сумесную песню "Дзякую".
"У песні герой спрабуе адпусціць блізкага чалавека, у якога мінула каханне, і падзякаваць за усё, што было між імі, — тлумачыць змест трэка лідар "Хурмы" і яго аўтар Мікіта Найдзёнаў. — Калі ты развітваешся з блізкім чалавекам, ты за яго перажываеш. Невыпадкова тут некалькі разоў паўтараецца радок "Будзь асцярожная ў свеце імклівым"".
28 траўня Hurma дае вялікі сольнік у сталічным клубе "Піраты". Адмысловым госцем імпрэзы стане сяброўка гурта, спявачка Pauline. "У нас ёсць нешта падобнае ў творчасці, таму мая песня добра падышла Палінцы", — мяркуе Мікіта і дадае, што гэта першая "дуэтная" спроба "Хурмы".
Апроч "Дзякую", падчас выступу гурт прадставіць першы сінгл "Птушкі" з будучага дэбютнага альбома, а таксама сыграе цалкам новую канцэртную праграму. Да таго ж, абяцае Мікіта, на канцэрце будзе яшчэ некалькі сесійных музыкантаў, бо цяперашняя музыка гурта патрабуе клавішных і бэк-вакалу. "Абяцаем парадаваць гледача стыльным шоў, каб было не толькі што паслухаць, але і на што паглядзець", — дадае музыка.