Прэзентацыя на Еўрарадыё: Сінгл "Gigano Stomp" ад The Silicon
Мінскія сёрф-рокеры анансуюць новы альбом, які выйдзе на пачатку наступнага года.
Адзіныя на сёння прадстаўнікі беларускага сёрф-року — The Silicon — прэзентуюць на Еўрарадыё сінгл "Gigano Stomp".
"Атрымалася добрая інструментальная кампазіцыя ў стылі сёрф. Такі беларускі сёрф, — смяецца лідар гурта, гітарыст Зміцер Паплаўскі. — Бо, як ні круці, месца жыхарства, краіна ўсё роўна адбіваюцца на музыцы. Музыка амерыканцаў мае свой каларыт. У нашай музыцы — наш, беларускі, з нашым надвор'ем і ветрам з Мінскага мора".
Песня папярэднічае новаму альбому трыа, выхад якога чакаецца на пачатку наступнага года. У пакуль безназоўную пласцінку ўвойдзе 12 кампазіцый. Па словах Паплаўскага, песні будуць разнастайнымі па настроі.
"І каўбоі будуць скакаць па пустынях, і некаторыя героі ў песнях закахаюцца", — інтрыгуе музыка.
Апроч таго, новая пласцінка The Silicon абяцае быць больш якаснай і прафесійнай па гучанні. Прэзентацыя альбома адбудзецца на Еўрарадыё. Чакаем!