Прэзентацыя на Еўрарадыё: сінгл “Вясёлых святаў” ад гурта Pomidor/OFF
Pomidor/OFF прэзентуе на Еўрарадыё сінгл “Вясёлых святаў”, які складаецца з двух трэкаў. Лідар гурта Аляксандр Памідораў прызнаецца, што рэліз з’явіўся дзякуючы чарговай спробе перапрацаваць хіт “Цуд на Каляды”, які выйшаў у межах праекта “Святы вечар-2000”. У выніку нарадзілася абсалютна новая песня.
“Песня таксама з выкарыстаннем нейкіх народных, касцельных ды царкоўных напеваў, з якіх пачынаецца кожны куплет, — распавядае музыка пра новы трэк “Вясёлых святаў”. — А потым дапісаныя аўтарскія словы, нават з прыдуманымі словамі, якія, магчыма, існуюць у нейкіх дыялектах, а магчыма, дагэтуль увогуле не існавалі. Гэта проста вясёлая песня без якіх-небудзь схаваных падтэкстаў. Бо як бы дрэнна ні было на душы, у сацыяльна-эканамічна-палітычным жыцці, трэба неяк радавацца, трэба часам усміхацца. Таму песня можа падацца трохі дзіўнаватай, але…”
На ўмоўны бок “Б” сінгла трапіў перапрацаваны “Цуд на Каляды”, у які не толькі пазбавіўся свайго хіп-хоп складніка, але атрымаў новы сэнс.
“Старая версія, якая была запісаная пры ўдзеле музыкаў гуртоў NRM i Kriwi мяне, як аўтара, шчыра кажучы, за 16 гадоў дастала проста ўшчэнт, — прызнаецца Аляксандр. — Але самае галоўнае, што ў гэтай версіі выкарыстаны першапачатковы тэкст, які мне давялося змяніць для “Святога вечара”. Прадзюсар праекта палічыў гэты тэкст “несвятакарэктным”, таму, натуральна, я яго перапісаў і ён быў ўстаўлены літаральна па жывому ва ўжо зведзеную і змайстраваную песню. А першапачатковая гісторыя — пра чалавека які ў калядную ноч збег з турмы і знайшоў не толькі свабоду, але і сваё чалавечае шчасце. То бок такая падробка пад гангста-рэп”.
Прапануем параўнаць з версіяй 1999 году:
Жаночую вакальную партыю ў прыпеве песні было вырашана проста сыграць на гітарах. Тым не менш, музыка дапускае, што калі ў Беларусь завітае Вераніка Круглова (вакалістка Kriwi, якая спявала прыпеў ў версіі 1999-га года), верагодна, абноўлены “Цуд на Каляды” займее яшчэ адну версію з жаночым вакалам.
Па прызнанні Памідорава, абодва трэкі былі зробленыя, запісаныя і выдадзеныя “на адным подыху”, літаральна за месяц. Прычым, сінгл “Вясёлых святаў” — першы запіс гурта з новым бас-гітарыстам Максімам Катом-Кузьмой, раней гранне на басе ды гітары сумяшчаў Сяргей Канановіч. Адмысловай канцэртнай прэзентацыі сінгла “Вясёлых святаў” Pomidor/OFF не плануюць. Музыкі нават вырашылі не тлуміць сабе галавы з асобнай вокладкай для рэліза, маўляў, усё адно ў часы інтэрнэт-распаўсюджання яна нікому не патрэбная. Бліжэй да святаў аматараў гурта чакае яшчэ адзін падарунак ад гурта, але які, пакуль трымаецца ў сакрэце.