Прэзентацыя: Сінгл "На большой воде" ад гурта "нагУаль"

Прэзентацыя: Сінгл "На большой воде" ад гурта "нагУаль"

Гурт "нагУаль" прадстаўляе на Еўрарадыё новы сінгл "На большой воде". Ён увойдзе ў альбомную трылогію каманды, якая не выпускала дыскаў з 2009 года. Падчас паўзы "нагУаль" шукаў свой гук, мяняў канцэпцыі, актыўна канцэртаваў і няспынна ствараў новыя песні. І вось, іх назбіралася на тры кружэлкі.


"Так выйшла, што ў нас дастаткова часта мяняліся настрой, склад, — распавядае лідар гурта Леанід Паўлёнак. — Напрыклад, у 2009 годзе мы гралі мяккі акустычны фолк-псіхадэл-мадэрн. Прайшоў год, захацелася іншага гуку, гаражна-фолкавага. Узялі гітару з перагрузам, барабанную ўстаноўку. Потым пайшлі іншыя песні, і ўжо не хацелася вяртацца да таго, што мы там эксперыментавалі, спрабавалі".

Цяпер музыкі вырашылі зафіксаваць усе свае эксперыменты ў студыйным варыянце, падзяліўшы іх на тры альбомы. На першым будуць песні, якія раней уваходзілі ў рэпертуар сайд-праекта "Маланка Аркестр". Гэта кампазіцыі на беларускай і рускай мовах: лірычна-душэўныя, танцавальныя па форме, няпростыя па змесце. Калі свае песні на “фанемнай мове” музыканты традыцыйна адносяць да шаманскага рок-н-рола, то стыль гэтага альбома яны вызначаюць як "магічны поп".

Сінгл “На вялікай вадзе” паспеў якраз да веснавой паводкі.

“Цяпер прыходзіць вялікая вада, і выносіць нас на новы ўзровень. Так што, гэта кампазіцыя пра светлую будучыню!" — сцвярджае Леанід.

Другі альбом трылогіі будзе складацца з песень на фірмовай “шаманскай” мове групы, у трэцюю частку ўвойдуць кампазіцыі, запісаныя спецыяльна для тэатра.

Прэзентацыя першага альбома трылогіі адбудзецца 28 траўня ў мінскім клубе "Бруге". Музыкі гарантуюць вялікі склад і магутную праграму. Квіткі можна набыць ад 14 красавіка на сайце wakeupagency.by. Падрабязнасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі