Трансляцыю канцэрта “Ляпісаў” у Вільні можна будзе паглядзець на Еўрарадыё

“Для нас гэта вельмі важны канцэрт, таму мы б хацелі, каб яго ўбачыла як мага больш людзей, — адзначае прадзюсар гурта Яўген Калмыкоў. — Раней мы ўжо рабілі он-лайн-трансляцыі, але па размаху і якасці на гэты раз мусіць атрымацца зусім іншы ўзровень — паўнавартасны канцэртны тэлемост, які можна будзе паглядзець у любой кропцы свету”.

На пляцоўцы “Арэны” будзе працаваць вялікая здымачная група. Адказным за гук стане сапрадзюсар апошніх альбомаў “Ляпісаў” Улад Ярун. Відэашэраг для канцэрта рыхтуе кліпмэйкер Аляксей Церахаў, які для такой справы прыляцеў з Канады.

Трансляцыя будзе даступная на партале TUT.by і на сайце Еўрарадыё. Мерапрыемства стартуе ў 20.00 па беларускім часе. Але падключыцца да падзеі он-лайн можна будзе на паўтары гадзіны раней — з моманту адкрыцця дзвярэй Siemens Arena. Прамыя ўключэнні з пляцоўкі будуць чаргавацца з паказам эксклюзіўнага відэа гурта і кліпамі.

“Ляпіс Трубяцкой” заклікае ўладальнікаў квіткоў выязджаць у Вільню загадзя, бо магчымыя чэргі на мяжы. Інфармацыя пра тое, як можна даехаць на канцэрт галоўных беларускіх анархатурыстаў, даступная на афіцыйным сайце гурта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі