Прычынай аварыі ў Гомелі мог стаць эпілептычны прыпадак у кіроўцы (фота)
Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў Гомельскім абласным упраўленні МНС.
Па словах прэс-сакратара ўпраўлення Руслана Габрылёва, кіроўцу даставілі ў шпіталь:
Габрылёў: "Сам кіроўца быў яўна ў неадэкватным стане — пена з рота. Яго чатыры супрацоўнікі міліцыі даставалі з кабіны аўтобуса. З папярэднім дыягназам "эпілептычны статус", які паставілі медыкі, яго даставілі ў Гомельскі абласны клінічны шпіталь інвалідаў Айчыннай вайны".
Як паведамляла Еўрарадыё, каля 12-й гадзіны ў самым цэнтры Гомеля аўтобус выехаў з праезнай часткі ў паркавую зону сквера імя Грамыкі, знёс на сваім шляху лаўкі і драўляныя скульптуры. На пешаходнай дарожцы аўтобус наехаў на 42-гадовую жанчыну, якая апынулася пад транспартным сродкам. Выратавальнікі дасталі жанчыну з-пад аўтобуса, але, на жаль, яна памерла на месцы здарэння.
Пацярпела таксама 59-гадовая пасажырка аўтобуса, у яе канстатавалі пералом галёнкаступнёвага сустава.
Фота — mchs.gov.by