Прыхільнікі свабоды і ксенафобы: якая ў Беларусі моладзь? Сацапытанне
Нехта хоча еўрапейскага жыцця, а камусьці патрэбныя толькі кватэра і арыентацыя на Расію / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Амаль траціна маладых беларусаў — гэта адкрытыя праеўрапейскія свабадалюбныя людзі. Але амаль столькі ж — закрытых ксенафобаў, часта арыентаваных на Расію. І ўсё ж іх аб'ядноўвае непрыманне вайны, ядзернай зброі і жаданне рэформаў.
Гэта вынікі свежага апытання Chatham House. Расказваем, што там да чаго.
Каштоўнасці: свабода, грошы і абыякавасць
Сярод беларускай моладзі ад 18 да 35 гадоў Chatham House вылучыў пяць груп у залежнасці ад іх каштоўнасцяў. Самая масавая (31%) — "умерана незадаволеныя адкрытыя прагрэсіўныя дэмакраты".
Гэта моладзь, якая талерантная да розных грамадскіх груп і высока цэніць свабоду. Яны абазнаныя ў палітычным і эканамічным жыцці краіны і гатовыя да рэформаў. Гэты сегмент мае мацнейшую праеўрапейскую пазіцыю. Таксама яны часцей зацікаўленыя ў перамозе Украіны.
Прадстаўнікі сегменту маюць вышэйшую адукацыю, зарабляюць сярэднюю па Беларусі зарплату і сочаць за незалежнымі СМІ.
Яшчэ адна вялікая група — гэта "закрытыя кансерватыўныя". Іх 27%.
— Сегмент характарызуецца "закрытым мысленнем" і дэманструе выразную ксенафобію. Стаўленне да эканамічнай сітуацыі хутчэй станоўчае, але многія адзначаюць неабходнасць рэформаў. Прадстаўнікі добра ставяцца да Расіі, бо "традыцыйныя каштоўнасьці" — важная частка дыскурсу гэтай дзяржавы. Яны часцей схільныя падтрымліваць Расію ў вайне, хоць і сярод іх пераважаюць устаноўкі на нейтралітэт. У якасці крыніц навін выкарыстоўваюць і дзяржаўныя, і недзяржаўныя СМІ, — апісвае Chatham House.
Трэція — "умерана задаволеныя абыякавыя": 15% рэспандэнтаў.
У цэлым беларуская моладзь часцей ацэньвае эканамічную сітуацыю ў краінах Еўрапейскага саюза і ЗША як больш спрыяльную, чым у Расіі і Беларусі. Таксама маладыя людзі хутчэй прызнаюць неабходнасць эканамічных рэформаў.
Калі казаць пра аб'яднанне з кім-небудзь, то 30% — за саюз з Расіяй. У асноўным гэта аўдыторыя дзяржСМІ. За саюз з ЕС — 16%. Аднак большая частка альбо за нейтралітэт, альбо за супрацоўніцтва і з Расіяй, і з ЕС — па 27%.
У ваенным плане гэтыя людзі таксама часцей за ўсё за нейтралітэт — 47% за пазаблокавы статус Беларусі. Яшчэ 41% задавальняе сяброўства ў АДКБ, як цяпер. І 12% — за ўступленне ў NATO.
А да ядзернай зброі ў Беларусі 70% ставяцца адмоўна ці хутчэй адмоўна. Яшчэ 20% — хутчэй станоўча і 10% — дакладна станоўча.
— Прарасійскую пазіцыю часцей займае моладзь з "закрытым мысленнем", якая падтрымлівае "традыцыйныя каштоўнасці", а таксама моладзь з больш аўтарытарнымі ўстаноўкамі. Праеўрапейскую пазіцыю, уключаючы падтрымку Украіны ў вайне і станоўчае стаўленне да яе ў цэлым, выказвае пераважна дэмакратычна настроеная моладзь, — падкрэслівае Chatham House.
Вайну не прымаюць
Маладыя беларусы не схільныя падтрымліваць расійскую агрэсію ва Украіне. Толькі 18% ухваляюць дзеянні Расіі. Таксама моладзь не хоча, каб беларускія войскі ўступілі ў вайну. Каля траціны наогул за нейтралітэт Беларусі ў гэтым пытанні.
— Нягледзячы на антываенную пазіцыю, частка моладзі падтрымлівае Расію ў вайне. Гэта можа быць вынікам як падтрымкі ўнутранай палітыкі Расіі (напрыклад, "традыцыйных каштоўнасцяў"), так і замежнай палітыкі Расіі ў выніку ўплыву прапаганды з дзяржаўных СМІ, — адзначаюць даследчыкі. — Прадэмакратычная моладзь часцей мае праўкраінскі погляд на вайну. Яны часцей ацэньваюць ваенныя дзеянні Украіны як паспяховыя і вераць у перамогу Украіны і часцей лічаць, што вайна мусіць скончыцца пасля дасягнення Украінай сваіх мэтаў.
***
Апытанне было праведзенае з дапамогай інтэрнэт-інтэрв'ю (CAWI), то-бок выбарка абмежаваная карыстальнікамі інтэрнэту. Паводле звестак на сакавік 2023 года, 90% людзей у Беларусі выкарыстоўваюць інтэрнэт, а сярод моладзі доля карыстальнікаў яшчэ вышэйшая.
Структура выбаркі прыведзеная ў адпаведнасць са структурай генеральнай сукупнасці па поле, узросце, памеры населеных пунктаў і ўзроўні адукацыі з дапамогай працэдуры пераўзважвання (raking, RIMweights). Статыстычная хібнасць выбаркі з 95-працэнтным даверным інтэрвалам не перавышае 3,8%. Праз акругленне сума працэнтаў адказаў у графіках можа быць не роўная 100%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.