Прыватныя сады і школы абавяжуць прайсці дзяржакрэдытацыю
Атрымліваць ліцэнзію павінны будуць і дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Усе прыватныя ўстановы адукацыі з верасня 2022 года павінны будуць праходзіць дзяржаўную акрэдытацыю ўжо на першым годзе стварэння, не чакаючы першага выпуску, заявіў у інтэрв'ю sb.by міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.
Паводле яго слоў, у цяперашні час у Адзіным дзяржрэгістратары юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў зарэгістраваны амаль паўсотні устаноў адукацыі. 35 з іх — гэта школы, 14 — дзіцячыя садкі. А дзяржакрэдытацыю, якая дае права выдаваць выпускнікам дакументы аб адукацыі (пасведчанні, атэстаты), ёсць толькі ў 13.
"Напрошваецца пытанне: чаму яны не хочуць праходзіць дадзеную працэдуру і выпускаюць вучняў у выглядзе "паўфабрыкатаў"? Мы павінны наладзіць атэстацыю гэтых навучэнцаў на прадмет адпаведнасці засвоенай адукацыйнай праграмы і Дзяржстандарту", — кажа Іванец.
Больш за тое, у перспектыве ўсе ўстановы адукацыі, у тым ліку і дашкольныя цэнтры развіцця дзіцяці, павінны будуць атрымліваць ліцэнзію. Праект Закона "Аб ліцэнзаванні" знаходзіцца на разглядзе ў Палаце Прадстаўнікоў. Яго плануюць разгледзець восенню ўжо ў другім чытанні.
У цяперашні час у Беларусі дзейнічае заяўны прынцып рэгістрацыі прыватных устаноў адукацыі. Пасля пратэстаў 2020 года ў шэраг прыватных школ прыходзілі з праверкамі супрацоўнікі Мінадукацыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.