Пуцін лічыць забойства Нямцова правакацыяй

Жорсткае забойства Барыса Нямцова мае ўсе прыкметы замоўленага і носіць выключна правакацыйны характар — так мяркуе расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Кіраўнік Расіі даручыў Следчаму камітэту РФ, МУС і ФСБ стварыць следчую групу і трымаць расследаванне гэтага злачынства пад асабістым кантролем.

Як заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, прэзідэнт Расіі “выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім трагічна загінулага Барыса Нямцова”, інфармуе ТАСС.

Нямцоў у апошнім інтэрв'ю пра Пуціна: Ён разумее толькі мову сілы

У інтэрв’ю Коммерсант FM Пяскоў намякнуў на тое, што расійскія ўлады не мелі матываў для знішчэння апазіцыянера, бо ў палітычным сэнсе Нямцоў быў “крыху болей за сярэднестатыстычнага грамадзяніна”.

“Пры ўсёй маёй павазе да памяці Барыса Нямцова, у палітычным плане ён не ўяўляў нейкай пагрозы, маецца на ўвазе, вядома ж, палітычнай, для існуючага кіраўніцтва Расіі і для Уладзіміра Пуціна. Калі мы суаднясем узровень папулярнасці, рэйтынгі Пуціна, урада ў цэлым і гэтак далей, то ў цэлым Барыс Нямцоў быў крыху болей за статыстычнага грамадзяніна”, — сказаў Дзмітрый Пяскоў.

У тым жа інтэрв’ю кіраўнік прэс-службы Крамля таксама назваў забойства правакацыяй:

“На фоне розных, скажам так, мерапрыемстваў, якія плануе апазіцыя ў бліжэйшыя дні, на фоне ў цэлым вельмі такой эмацыйнай, насычанай абстаноўкі, якую мы маем у сувязі з падзеямі ва Украіне. Вядома ж, гэта цалкам можа выглядаць як правакацыя… Відавочна, што Барыс Нямцоў быў апазіцыянерам, відавочна, што ён быў у дастаткова цесных кантактах з рознымі людзьмі ў Кіеве, ён туды часта ездзіў, гэта не сакрэт”, — заявіў Пяскоў.

Расійскі палітык, дэпутат Яраслаўскай гарадской думы Барыс Нямцоў быў застрэлены поўна ўвечары 27 лютага ў цэнтры Масквы. Як паведамілі ў Следчым камітэце РФ, усё адбылося каля 23 гадзін па маскоўскім часе. Нямцоў прагульваўся па мосце са сваёй сяброўкай, якая прыехала з Украіны. Раптам пад'ехаў белы аўтамабіль, з якога раздаліся 4 ці 6 стрэлаў. Ад атрыманых траўмаў палітык памёр на месцы.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі