Пуцін прапанаваў адмовіцца ад долара ў рамках СНД
Расійскі прэзідэнт хоча весці разлікі нацыянальнымі валютамі краінаў Садружнасці.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 28 жніўня ўнёс у Дзярждуму законапраект, які прадугледжвае адмову ад долара ў СНД падчас разлікаў на карысць аперацыяў у нацыянальных валютах. Расійскія ўлады такім чынам спадзяюцца на стварэнне адзінага фінансавага рынку ў рамках Садружнасці. Падобныя прапановы ёсць і ў Еўразійскім эканамічным саюзе, дзе разлікі толькі ў нацыянальных валютах пачнуцца да 2025-2030 года, паведамляе ria.ru
Праект пагаднення ў рамках СНД прадугледжвае наўпроставы допуск банкаў-рэзідэнтаў бакоў на ўнутраныя рынкі адзін аднаго для правядзення міжбанкаўскіх канверсійных аперацый на спрыяльных умовах. Паводле расійскіх уладаў, гэта будзе спрыяць пашырэнню выкарыстання нацыянальных валют пры ажыццяўленні плацяжоў у сферы знешняга гандлю і аказання фінансавых паслугаў.
Расія раней уздымала пытанне аб увядзенні адзінай валюты ў рамках ЕАЭС. Сёлета ў траўні Уладзімір Пуцін даручаў Цэнтрабанку і расійскаму ўраду адпрацаваць пытанне аб мэтазгоднасці стварэння валютнага саюза ў ЕАЭС.
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёлета ў студзені на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў, што пытанне аб адзінай валюце ў рамках ЕАЭС не стаіць.
Фота з архіву