П’яны беларус справакаваў сур’ёзнае ДТЗ у Ленінградскай вобласці Расіі
П’яны беларус справакаваў сур’ёзную аварыю ў Ленінградскай вобласці Расіі і затым знік з месца ДТЗ. Парушальніка шукалі каля сотні праваахоўнікаў і дружыннікаў.
Як піша выданне 47news, раніцай 18 лістапада экіпаж патрульнай дарожнай службы ехаў па трасе Санкт-Пецярбург — Пскоў у Гатчынскім раёне. Насустрач ехаў мікрааўтобус Volkswagen Crafter. Раптам яго кіроўца пачаў разварочвацца ў іншы бок і выехаў на сустрэчную паласу. Праваахоўнік, які сядзеў за рулём патрульнай машыны, паспеў сысці ад сутыкнення — яго машыну выкінула ў кювет. У машыне было двое супрацоўнікаў ДАІ, абодва пацярпелі.
А вінаваты ў аварыі з’ехаў на вялікай хуткасці, хоць параненым паліцыянтам патрэбная была дапамога. Пазней яны трапілі ў лякарню і знаходзяцца ў стабільна цяжкім стане.
Парушальніка затрымалі праз 6 гадзінаў — гэта быў 35-гадовы беларус, які сеў за руль у нецвярозым стане. Разам з ім у машыне быў яго брат і сяброўка брата. Іх таксама затрымалі.
Вырашаецца пытанне аб адкрыцці крымінальнай справы.