Работнікам "Магілёўліфтмаша" забаранілі 22 ліпеня браць "ссабойкі"
22 ліпеня работнікаў завода "Магілёўліфтмаш" чакае шэраг абмежаванняў. Трапіць на завод можна будзе па пашпартах і прапусках. Да 17-й гадзіны не будзе працаваць сталовая, але ежу з сабой рэкамендуецца прыносіць мінімальна — на ўваходзе будзе правярацца ручная паклажа. Прыходзіць на завод з заплечнікамі забаронена.
Аўтастаянкі завода будуць зачыненыя. Уваход у цэхі будзе адбывацца праз рамкі металашукальнікаў. Адпаведныя ўказанні змешчаныя ў інструкцыі, якая трапіла ў сацсеткі.
Гэтыя ды іншыя меры прымаюцца ў сувязі з тым, што ў пятніцу на завод прыбудзе Аляксандр Лукашэнка. Будучы прыезд кіраўніка дзяржавы на "Магілёўліфтмаш" пацвердзілі і ў яго прэс-службе. Праўда, раскрываць мэты паездкі кіраўнік прэс-службы Сяргей Пелюшкевіч не стаў:
Пелюшкевіч: "Ёсць такія планы... Дачакайцеся, пакуль мы наведаем прадпрыемства, а потым усё прачытаеце".
Дарэчы, аўтастаянкі завода ужо з сённяшняга дня стаяць пустыя. Аўтамабілі запаркаваныя ўздоўж праезнай часткі дарог.