Рашэнне пра зніжэнне цаны на газ для Беларусі пакуль не прынятае
У Расіі пакуль не прынялі рашэнне знізіць цану на газ, які пастаўляецца ў Беларусь. Пра гэта 25 сакавіка паведаміў журналістам у Мінску намеснік старшыні праўлення ААТ "Газпрам" Андрэй Круглоў.
Па яго словах, расійская кампанія зыходзіць з падпісанага раней міжурадавага пагаднення і заключанага кантракта. Круглоў дадаў, што працягваюцца "пэўныя кансультацыі" паміж бакамі. "З боку нашых беларускіх калег было пажаданне аб зніжэнні цаны на газ, але пакуль, наколькі мне вядома, ніякіх рашэнняў не прынята. А паколькі такіх рашэнняў не прынята, мы зыходзім з дзеючых дамоўленасцяў і кантрактаў", — перадае БелаПАН словы Круглова.
Раней прадстаўнікі беларускага ўрада неаднойчы заяўлялі, што разлічваюць сёлета на зніжку пры куплі расійскага газу. 2 сакавіка ў Маскве адбыліся перамовы віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі з расійскім калегам Аркадзем Дварковічам, а таксама паміж міністрамі энергетыкі дзвюх краін. Як пісаў расійскі "Коммерсант", Беларусь просіць у Расіі часовую зніжку на прыродны газ.