"Расіі давядзецца пераходзіць з Беларуссю ў фармат абмену палонных" — Суздальцаў

Сафія Сапега / БЕЛТА
Сафія Сапега / БЕЛТА

Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў пракаментаваў справу расіянкі Сафіі Сапега, якой у Беларусі нядаўна адмовілі ў памілаванні. Падчас візіту ў РБ міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што абмяркоўваў "сітуацыю з грамадзянамі Расіі, якія затрыманыя на тэрыторыі Беларусі, і з грамадзянамі Беларусі, якія ў аналагічнай сітуацыі знаходзяцца на расійскай тэрыторыі".

"Сапегу таксама не аддадуць, — піша Суздальцаў. — Мабыць, Расіі давядзецца пераходзіць з Беларуссю ў фармат абмену палонных, падобны таму, які з вялікай цяжкасцю наладжаны паміж Кіевам і Масквой, часам пры пасярэдніцтве Анкары. Тады можна было б і палітычных зняволеных выцягнуць з турмаў…".

Сафію Сапега затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам, калі ў Беларусі пасадзілі пасажырскі самалёт авіякампаніі Ryanair. 6 траўня 2022-га Гродзенскі абласны суд прысудзіў ёй 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Сафію прызналі вінаватай паводле сямі артыкулаў Крымінальнага кодэксу ("распальванне сацыяльнай варожасці", "незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыцці..." і г. д.). Пра тое, што расіянцы адмовілі ў памілаванні, стала вядома ў студзені сёлета.

У Беларусі Сапега прызнаная праваабаронцамі палітзняволенай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі