Расія хоча знізіць бяспошлінны парог на пасылкі з-за мяжы ва ўсім ЕАЭС
У Расіі першы віцэ-прэм'ер, міністр фінансаў Антон Сілуанаў прапанаваў знізіць парог на бязмытны ўвоз пасылак з замежных інтэрнэт-крамаў. Зніжэнне плануецца праводзіць паэтапна. Да 2022 года бязмытна можна будзе ўвозіць пасылку на 20 еўра, піша газета "Коммерсант".
Гэтую прапанову падтрымаў расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў і даручыў прапрацаваць пытанне для разгляду на савеце кіраўнікоў урадаў Еўразійскага эканамічнай саюза (ЕАЭС).
Паводле планаў Сілуанава, з 1 студзеня 2020 года бязмытны парог будзе зніжаны да 100 еўра за пасылку, з 1 студзеня 2021-га — да 50 еўра з адзінай стаўкай мытных пошлін у 15% "перавышэння кошту над бяспошлінным парогам". Апошняе зніжэнне, да 20 еўра з той жа стаўкай, прызначанае на 1 студзеня 2022 года. Распаўсюдзіць гэтыя нормы прапануецца на ўсе краіны ЕАЭС.
Зрэшты, у Беларусі норма ў 22 еўра на адну пасылку з замежнай інтэрнэт-крамы дзейнічае і цяпер. Таму нічога новага ў расійскіх прапановах беларусы не пабачаць.
Праўда, месячная норма бяспошлінных пасылак з 1 студзеня 2019 года была павялічаная да 200 еўра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.