Расія пацвердзіла кампраміс з Беларуссю па нафце

government.ru
government.ru

Прэм'ер-міністры Беларусі і Расіі Сяргей Румас і Міхаіл Мішусцін пацвердзілі ў ходзе тэлефоннай размовы 21 сакавіка дасягненне прынцыповых дамоўленасцяў па параметрах супрацоўніцтва ў нафтавай сферы. Пра гэта паведамляе прэс-служба расійскага ўрада. Гэтыя дамоўленасці ўлічваюць ўзаемныя інтарэсы бакоў, удакладнілі там.

"Рэалізацыя гэтых дамоўленасцей дазволіць забяспечыць пастаўку расійскай нафты на нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь у поўным аб'ёме і на ўзгодненых умовах", — заявілі ва ўрадзе РФ.

Сяргей Румас таксама падзякаваў Міхаілу Мішусціну за магчымасць дастаўкі беларусаў з-за мяжы на радзіму самалётамі транзітам праз Расію. Акрамя таго, кіраўнікі ўрадаў абмеркавалі будаўніцтва Беларускай АЭС і прынялі "аператыўныя рашэнні, якія дазваляюць забяспечыць ход работ у адпаведнасці з прынятым графікам", праінфармавалі ў расійскім урадзе.

Як паведамляла Еўрарадыё, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Расея пагадзілася на ўсе ўмовы Беларусі па пастаўках нафты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі