"Расія, выказаўшыся ў падтрымку дыктатуры": пра што піша крамлёўская прапаганда
Беларусь застаецца ў парадку дня расійскай прапаганды / калаж Еўрарадыё
Беларусь выпала з асноўных тэм у парадку дня расійскіх прапагандысцкіх медыя: цяпер яны больш заклапочаныя Джо Байдэнам, Уладзімірам Зяленскім і Ніколам Пашынянам. Але цалкам пра Беларусь прапагандысты забыць ніяк не могуць. Асабліва пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў Сочы.
Вось якія думкі яны прасоўваюць у сувязі з Беларуссю.
Родныя, сябры, браты
— А калі аб'яднацца яшчэ мацней?
— Калі аб'яднацца... Гэта асабіста маё меркаванне: я за.
Гэта фрагмент рэпартажу "Вестей недели с Дмитрием Киселёвым" на тэлеканале "Расія". Гавораць супрацоўнік тэлеканала і супрацоўнік аднаго з беларускіх прадпрыемстваў.
Такія ж пасылы — у размовах з іншымі суразмоўнікамі. Па дзіўным супадзенні ўсе яны кажуць, што "Расія нам самая блізкая", "без Расіі мы б нічога не зрабілі" і "ну мы ж усе славяне".
Сутнасць простая: беларусы і рускія — практычна адзін народ, вось такая вось міжнацыянальная любоў.
Цікавы кантраст: у падводцы да рэпартажу Дзмітрый Кісялёў гаворыць пра сустрэчу Лукашэнкі і Пуціна, але потым гаворка толькі пра блізкасць на ўзроўні народаў і вытворчасцяў.
Ва ўсім вінаваты (вядома ж) Захад
Прыкметная частка прапагандысцкіх матэрыялаў традыцыйна прысвечана таму, як у беларускіх і расійскіх пратэстах вінаваты "прагнілы Захад". І, вядома ж, Брусель з Вашынгтонам хочуць разарваць цесныя сувязі дзвюх краін.
— Падзеі, што адбываюцца ў Беларусі і Расіі, не проста падобныя, а маюць, я ўпэўнены, агульнае паходжанне, — піша на "ИмхоКлабе" прэзідэнт рэдакцыі газеты "Известия" Уладзімір Мамантаў. — Палітыка старонніх сіл накіравана на стрымліванне расійскай дзяржавы і ўсходняй часткі свету ў цэлым. Беларусь — даўні і верны саюзнік Расіі. Разарваць гэту сувязь у палітычных, эканамічных, ваенных адносінах — мара тых, хто не жадае разглядаць нас як сабе роўных, а лічыць за лепшае бачыць перад сабой "бензакалонку", гіганцкую платформу багатых прыродных рэсурсаў і таннай рабочай сілы.
Карысць у "дзеяннях Захаду" бачыць аўтар RuBaltic Аляксандр Насовіч, які любіць выступаць таксама на "Сонаре", "Спутнике", "Украина.ру" і іншых падобных рэсурсах.
— ...Засталося дадаць толькі, што краіны Прыбалтыкі з Украінай самі і ўклаліся ў стварэнне такой неспрыяльнай для сябе ваенна-стратэгічнай кан'юнктуры, калі з віскам і ўлюлюканнем падтрымалі дэстабілізацыю Беларусі і апладзіравалі масавым беспарадкам у суседняй краіне. Іх тупасць працуе выключна на інтарэсы Расіі па ўмацаванні Саюзнай дзяржавы.
Акрамя Літвы, Эстоніі і Польшчы, часта ў кантэксце "дзеянняў Захаду" згадваюць Святлану Ціханоўскую, якая нібыта ёсць іх "лялькай". Гэты наратыў прасоўваецца некаторымі прапагандысцкімі рэсурсамі як мінімум з канца жніўня.
Або праблема ўсё ж у... Лукашэнку?
Некаторыя рэсурсы дазваляюць сабе нападаць на Лукашэнку. Сярод іх не толькі "Регнум" і EAdaily, якія гадамі не хаваюць сваёй антыпатыі да кіраўніка Беларусі, але і, напрыклад, "Украина.ру", якая ўваходзіць у склад узначаленага Маргарытай Сіманьян і Дзмітрыем Кісялёвым МІА "Россия сегодня".
Напрыклад, палітолаг Багдан Бяспалька расказаў выданню пра тое, што стаўленне беларусаў да Расіі псуецца праз тое, што Масква вырашыла падтрымаць Лукашэнку.
— Гэта сапраўды паўплывала на рост антырасійскіх настрояў, таму што большая частка насельніцтва негатыўна ставіцца да Лукашэнкі, але пры гэтым захоўвае сімпатыі да Расіі. І пры гэтым спакойна паставілася б і да Саюзнай дзяржавы, і да зліцця, і да канфедэратыўнага, да любога віду адзінай дзяржавы, — кажа ён.
Тамсама з'яўляецца інтэрв'ю з палітолагам Яўгенам Канстанцінавым, які гаворыць пра тое, што Лукашэнка выкарыстоўвае Расію ў сваіх мэтах і паралельна будзе зноў спрабаваць вяртацца да "шматвектарнасці". Паўтарае ён і думкі пра ўдар па сімпатыях да Расіі з боку беларусаў.
— У тым, што ён пра гэта загаварыў, няма нічога дзіўнага. Я ўжо раней неаднаразова заяўляў, што беларускі рэжым проста выкарыстоўвае Расію ў сваіх уласных мэтах. У сферы Саюзнай дзяржавы за апошнія паўгода нічога не зрушылася з мёртвага пункта. Цяпер жа, калі сітуацыя часова стабілізавалася, Лукашэнка будзе старацца вярнуцца да ранейшага становішча рэчаў, гэта значыць да шматвектарнасці. Гэта азначае, што ніякіх зрухаў у саюзным будаўніцтве чакаць не даводзіцца. Такім чынам, Расія, выказаўшыся ў падтрымку дыктатуры, не атрымала нічога, акрамя ўдару па сімпатыях беларусаў. Што да Саюзнай дзяржавы, то па факце яе будучыні з Лукашэнкам ніхто не бачыць.
Цікава: у верасні Сіманьян прыязджала на інтэрв'ю да Лукашэнкі, і, здаецца, яны рассталіся сябрамі. І тут раптам — "Расія, выказаўшыся ў падтрымку дыктатуры"!
Дзіма.... Анатольевіч... ідзіце на х...й
Заявы ўплывовых расійскіх тэлеграм-каналаў, зразумела, больш вострыя. У тым ліку тых, якія многія звязваюць з расійскімі "вярхамі". Як звычайна, там поўна "зліваў", якія немагчыма праверыць. Па пасылах можна зрабіць здагадкі пра настроі, якія існуюць у "пэўных колах".
— Некалькі крыніц у Мінску паведамілі, што старэйшы сын Віктар Лукашэнка не мае намеру ўдзельнічаць у транзіце ўлады і не бачыць сябе кіраўніком дзяржавы, — піша "Незыгарь". — Віктар Лукашэнка прыхільнік цесных адносін з Расіяй, што неаднаразова выклікала канфлікт з бацькам.
Яшчэ адна свежая публікацыя "Незыгаря" — пра ролю бізнесмена Дзмітрыя Мазепіна. Дарэчы, мы расказвалі пра яго магчымыя сувязі з новым беларускім парталам.
— Выхадзец з Беларусі Дзмітрый Мазепін лятае на самалёце з бартавым нумарам M-insk. Мазепін, Казак і Арэшкін дапамогуць Мядзведзеву дамовіцца з Лукашэнкам правесці "мяккі транзіт" улады ў Беларусі
Пацешную, але зусім непраўдападобную версію пра тэлефонную размову Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева прыводзіць "Генерал СВР".
— У цэлым размова нудная і малаінфарматыўная. Дзмітрыю Мядзведзеву было даручана паспрабаваць даціснуць Лукашэнку па тых пытаннях, па якіх за дзень да гэтага не змог дамовіцца з Лукашэнкам Пуцін пры асабістай сустрэчы ў Сочы. Цікавая канцоўка размовы, калі Дзмітрый Анатольевіч прыступіў да ўгавораў завяршыць трансфер улады ў Рэспубліцы Беларусь ужо да канца гэтага года, як і абяцаў Лукашэнка Пуціну яшчэ ў верасні мінулага года. Далей канцоўка размовы па тэксце: Мядзведзеў: "Аляксандр Рыгоравіч, вы разумееце, наколькі Уладзімір Уладзіміравіч незадаволены тым, як вы не трымаеце слова і не выконваеце ўзятыя на сябе абавязацельствы". Лукашэнка перарывае: "Дзіма... Анатольевіч... ідзіце на х...й. І Уладзіміра Уладзіміравіча з сабой захапіце. А мне ўказваць не трэба. Вы спачатку ў сябе разбярыцеся, а потым парады раздаваць будзеце. Усяго добрага". На гэтым размова была скончаная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.