Расіяне абстралялі радзіму Зяленскага, ёсць загінулыя
Дом у Крывым Рогу пасля абстрэлу горада / тг мэра Мікалаева Аляксандра Сінкевіча
Раніцай 9 ліпеня расіяне абстралялі Крывы Рог — родны горад прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. У выніку абстрэлу загінула жанчына, яшчэ два чалавекі дастаўленыя ў лякарню з асколачнымі раненнямі.
Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай Абласной дзяржаўнай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка.
"Ударылі з "Градаў" па жылых кварталах. Гэты падступны абстрэл забраў жыцці 41-гадовай жанчыны, яшчэ два чалавекі з асколачнымі раненнямі шпіталізаваныя. Пашкоджана школа і некалькі дамоў. Згарэла машына, якая стаіць побач", — напісаў Разнічэнка.
Паводле слоў начальніка ваеннай адміністрацыі Крывога Рога Аляксандра Вілкула, па горадзе было запушчана 10 ракет, у тым ліку — "Тарнада-С" калібрам 300 мм.
"Стрэл "у той бок", прама па цэнтры мірнага жылмасіва з вялікім разлётам ракет", — паведаміў ён.
Крыварожскі раён Днепрапятроўскай вобласці абстрэльваецца трэція суткі. Напярэдадні з працоўным візітам яго наведваў Уладзімір Зяленскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.