Расіяне ўначы нанеслі ракетны ўдар па Кіеве

Наступствы начной ракетнай атакі ў Кіеве

Наступствы начной ракетнай атакі ў Кіеве / Кіеўская гарадская вайсковая адміністрацыя

У ноч на 13 снежня расіяне нанеслі чарговы ракетны ўдар па Кіеве. Паветраныя сілы Украіны паведамілі, што было выпушчана дзесяць ракет і ўсе яны былі збітыя.

У выніку работы супрацьпаветранай абароны ў многіх месцах украінскай сталіцы адбылося падзенне ракетных абломкаў.

Вайсковая адміністрацыя Кіева паведамляе па стане на 8-ю гадзіну раніцы, што ад падзення абломкаў ракет пацярпеў 51 чалавек, у тым ліку шэсць дзяцей. Самаму старому пацярпеламу 80 гадоў, самаму меншаму — пяць.

Грамадзянскі мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што 18 чалавек былі шпіталізаваныя, у тым ліку двое дзяцей.

У чатырох раёнах ўкраінскай сталіцы было зафіксавана каля дзесяці выпадкаў падзення абломкаў ракет. У трох месцах пачаліся пажары, былі пашкоджаныя некалькі шматкватэрных і прыватных жылых дамоў, а ў адным месцы вада з трубы, прабітай абломкам ракеты, затапіла вуліцу.

Адна ракета, як піша Клічко, упала на тэрыторыю адной з кіеўскіх клінік: "У некалькіх карпусах установы павыляталі вокны. Адзін чалавек пацярпеў. Паліцыя прыбыла на месца, аглядаюць варонку на тэрыторыі медустановы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі