“Дэдпул” і “Чужы”: якія блакбастары паказваюць беларусам? Вывучылі кінаафішу

Фільмы на любы густ

Фільмы на любы густ / @rubanau_collage

Жнівень, нароўні са снежнем, лічыцца адным з найважнейшых месяцаў для глабальнай кінаіндустрыі. Менавіта ў канцы лета і пачатку зімы студыі прызначаюць прэм'еры сваіх самых маштабных забаўляльных фільмаў, якія павінны зарабіць вялікія грошы.

Якія ж блакбастары ўжо ідуць ці хутка з'явяцца ў беларускіх кінатэатрах? Мы выбралі 8 найбольш цікавых кінапраектаў.

 

Гадкі я 4 / Despicable Me 4

Прэм’ера: 20 чэрвеня

Трэйлер "Гадкі я 4" / Illumination

Працяг папулярнай анімацыйнай франшызы пра былога злодзея Гру, яго сям'і і вясёлых мін'ёнаў. У новым фільме Гру сутыкаецца з новым ворагам у асобе Максіма Ле Маля і яго небяспечнай сяброўкі Валянціны, у сувязі з чым сям'я Гру вымушана бегчы. Глядзець мультфільм варта за яркую анімацыю, гумар і кранальныя моманты, а таксама дзеля сустрэчы са знаёмымі персанажамі. 

 

Смерч 2 / Twisters

Прэм’ера: 17 ліпеня

Трэйлер "Смерч 2" / Universal Pictures

Працяг культавага фільма-катастрофы 1996 года, рэжысёрам якога стаў Лі Айзек Чунг. 

Сюжэт факусуецца на Кейт Картэр (Дэйзі Эдгар-Джонс), якая раней палявала за ўраганамі і цяпер вяртаецца да свайго небяспечнага хобі пасля сустрэчы з новым напарнікам Тайлерам Оўэнсам (Глен Паўэл). Разам яны выпрабоўваюць інавацыйную сістэму адсочвання тарнада, вельмі небяспечную для іх каманды.

Як і ў стужцы Яна дэ Бонта, галоўным атракцыёнам у сіквеле сталі захапляльныя спецэфекты: дынамічныя сцэны з тарнада і яркія акцёрскія работы. "Смерч 2" таксама прыцягвае ўвагу сваёй напружанай атмасферай, ствараючы займальнае відовішча для аматараў трылераў.

 

Дэдпул і Расамаха / Deadpool & Wolverine

Прэм’ера: 24 ліпеня

Трэйлер "Дэдпул і Расамаха" / Marvel Entertainment

Доўгачаканы супергеройскі красовер, які аб'ядноўвае двух запатрабаваных персанажаў Marvel: гаваркога найміта Дэдпула (Раян Рэйналдс) і мутанта са стальнымі кіпцюрамі Расамаху (Х'ю Джэкман). 

Пасля падзей папярэдніх фільмаў Дэдпул сутыкаецца з пагрозай знікнення свайго сусвету, знаходзіць у паралельнай рэальнасці Расамаху і ўступае з ім у саюз. Разам яны сутыкаюцца з новай пагрозай, здольнай змяніць гісторыю ўсяго кінасусвету Marvel. 

Трэйлер фільма "Збіральнік душ" / Neon

Напружаны вострасюжэтны трылер, які апавядае пра агентку ФБР Лі Харкер, ролю якой выканала акторка Майка Манро. Харкер расследуе серыю загадкавых забойстваў, якія на першы погляд здаюцца справай звычайных сямейных трагедый. Аднак справа прымае злавесны абарот, калі высвятляецца, што за злачынствамі стаіць сатанісцкі серыйны забойца, вядомы як Даўганогі, якога сыграў Нікалас Кейдж.

Стужка падкупае змрочнай атмасферай і глыбокай псіхалагічнай напругай, якія падтрымліваюцца трывожнай візуальнай эстэтыкай і складанымі ўзаемаадносінамі персанажаў. Фільм варта паглядзець дзеля якасных акторскіх работ, таксама праз старанна выбудаваны сюжэт, які балансуе паміж класічным паліцэйскім датэктывам і містычным хорарам.

 

Бордэрлендс / Borderlands

Прэм’ера: 8 жніўня

Трэйлер фільма "Бордэрлендс" / Lionsgate

Экранізацыя культавай кампутарнай гульні, якая абяцае займальную прыгоду на планеце Пандора. Жанчына з паранармальнымі магчымасцямі Ліліт (Кейт Бланшэт) вяртаецца на Пандору, каб знайсці зніклую дачку ўплывовага бізнесмэна Атласа (Эдгар Рамірэс). Разам з камандай эксцэнтрычных персанажаў — былога найміта Роланда (Кевін Харт), падрыўніцы Ціны (Арыяна Грынблат), робата Клэптрэпа (Джэк Блэк) і іншых — Ліліт сутыкаецца з монстрамі і мясцовымі бандытамі.

Акрамя зорнага акторскага склада і ўнікальнага стылю, рэжысёр Элай Рот абяцае гледачам "вар'яцтва і анархію". Усё гэта робіць з Borderlands абавязковы да прагляду фільм, у першую чаргу, калі вы фанат арыгінальнай серыі гульняў.

 

Пастка / Trap

Прэм’ера: 10 жніўня

Трэйлер фільма "Пастка" / Warner Bros. Pictures

Cвежы трылер ад караля нечаканых канцовак Найта Ш’ямалана, які расказвае пра Купера (Джош Хартнет) і яго дачку, якія прыйшлі на канцэрт поп-зоркі лэдзі Рэйвен (Салека Ш’ямалан). Канцэрт становіцца арэнай для раскрыцця таямніцы Купера як серыйнага забойцы, які спрабуе сысці ад паліцэйскай аблавы. 

Як і большасць фільмаў Ш’ямалана, стужка поўніцца напружаннем і нечаканымі паваротамі. Асабліва вылучаецца атмасфера, якая нагадвае лепшыя творы рэжысёра пачатку нулявых: “Знакі” і “Таямнічы лес”.

 

Крумкач / The Crow

Прэм’ера: 22 жніўня

Трэйлер фільма "Крумкач" / Lionsgate

Змрочны кінакомікс, рэмейк стужкі 1994 года з Брэнданам Лі. Галоўны герой — музыкант Эрык Дрэйвен (Біл Скарсгард) і яго каханая Шэлі (музыка Талія Барнэт) жорстка забітыя, але Эрык паўстае з мёртвых, каб адпомсціць за іх смерці. 

Увасоблены ў выглядзе духа помсты, ён валодае звышнатуральнымі сіламі і непаражальнасцю. 

Фільм вылучаецца добра прапрацаванай гісторыяй кахання і адплаты, а таксама ўнікальнасцю атмасферы, створанай рэжысёрам Рупертам Сандэрсам і зорным акцёрскім складам​.

 

Чужы: Ромул / Alien: Romulus

Прэм’ера: 24 жніўня

Трэйлер фільма "Чужы: Ромул" / 20th Century Studios

Новы погляд на класічную франшызу аб ксенаморфах, які апускае гледача ў змрочны і напружаны свет. Гісторыя разгортваецца вакол групы маладых касмічных каланістаў, якія прыбіраючы закінутую касмічную станцыю сутыкаюцца тварам да твару з самай жахлівай формай жыцця ў сваім сусвеце. 

Стужка абяцае складанае апавяданне, глыбокіх персанажаў і нечаканыя драматургічныя павароты, як і ў арыгінальным фільме 1979 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі