Расійскага міністра Аляксея Улюкаева адправілі пад хатні арышт
Кіраўніка Мінэканомразвіцця Расіі адправілі пад хатні арышт. Такое рашэнне ў аўторак прыняў Басманны суд Масквы, інфармуе РІА "Новости". Аляксея Улюкаева абвінавачваюць у атрыманні хабару ў памеры 2 мільёнаў долараў за станоўчую ацэнку набыцця "Раснафтай" дзяржпакета акцый "Башнафты" (следства сцвярджае, што ён вымагаў грошы і пагражаў). Пры гэтым праваахоўнікі правялі затрыманне ў момант атрымання хабару.
У судзе Улюкаеў сваю віну не прызнаў і "часова ўстрымаўся ад паказанняў". Пры гэтым ён заявіў, што мае намер "максімальна супрацоўнічаць са следствам". Яго адвакат сцвярджае, што ў следства няма доказаў датычнасці міністра эканамічнага развіцця да атрымання хабару.
Просьбу пра хатні арышт следчы абгрунтаваў тым, што кіраўнік Мінэканомразвіцця часта бывае ў замежных камандзіроўках і можа ўцячы, альбо аказаць ціск на сведкаў. Аляксею Улюкаеву суд забараніў прагулкі.
Пазней стала вядома, што расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін звольніў Аляксея Улюкаева з пасады кіраўніка Мінэканомразвіцця "ў сувязі са стратай даверу".