Расійская эканоміка ажывае. Ці можа Беларусь таксама разлічваць на паляпшэнні?
Беларуская эканоміка зможа зарабіць, калі нашы тавары будуць патрэбныя ў Расіі / Reuters
Паводле красавіцкага індэксу Russia PMI Compоsite, расійская эканоміка ажывае. Індэкс характарызуе выпуск у вытворчым сектары і сектары паслуг. Калі ён вышэйшы за 50 пунктаў, значыць, эканоміка пачынае адчуваць сябе лепш. У Расіі атрымалася 55,1 пункта.
Беларуская эканоміка вельмі залежыць ад расійскай, значыць, і ў Беларусі справы пойдуць лепш? Эканаміст Уладзімір Кавалкін распавядае ў эфіры Еўрарадыё, ці так гэта.
— Для Беларусі гэта добрая навіна, але трэба глядзець, што там расце. І на што ў Расіі з'яўляецца попыт. Ці з'яўляецца попыт на беларускія тавары? Калі ён сыходзіць на Кітай, то нічога не будзе для Беларусі.
А што там у Расіі будзе расці? Зразумела, абаронка. Нешта яны будуць з сыравінай рабіць, але нафта падае. І астатнія карысныя выкапні не вельмі растуць. Што тычыцца цэнаў на збожжа, яны таксама ўпалі. Я не бачу значных пазітыўных навін для беларускай эканомікі і для Беларусі наогул, — заключае эксперт.
Эканамісты BEROC у красавіцкім прагнозе адзначылі, што беларуская эканоміка можа вырасці на 2,5% у 2023 годзе. Аднак ёсць шмат агаворак і рызык. Напрыклад, ці не з'явіцца новых санкцый і ці не ўцягне ўсё ж такі Лукашэнка Беларусь у вайну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.