Расійская ракета трапіла ў гатэль у Крывым Рогу, ёсць загінулыя
Наступствы расійскага ракетнага нападу ў Крывым Рогу
РФ другую раніцу запар наносіць масіраваны камбінаваны ўдар па тэрыторыі Украіны, паведамляе УНІАН. Уначы ў паветраную прастору краіны зайшлі дзясяткі дронаў-камікадзэ, а раніцай яшчэ і ракеты. Па ўсёй Украіне была абвешчаная паветраная трывога. Ракеты ляцелі ў асноўным у напрамку заходніх абласцей. Паведамленні аб выбухах паступалі з Хмяльніцкай вобласці.
Таксама вядома пра ўдары балістычнай ракетай па Крывым Рогу. Тут ракета трапіла ў гатэль, піша кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Лысак. Загінулі два чалавекі, гэта мужчына і жанчына. Пяцёра пацярпелі. Адна з іх — 43-гадовая жанчына — "цяжкая". Лёс яшчэ двух чалавек застаецца невядомым. Яны могуць знаходзіцца пад заваламі. У выніку начнога абстрэлу ў Крывым Рогу таксама пашкоджаныя 6 крам, 4 шматпавярхоўкі, 8 аўтамабіляў, адзначыў Лысак.
Нагадаем, у ноч на 26 жніўня расіяне зладзілі самы масіраваны ўдар па Украіне. РФ выпусціла па Украіне 127 ракет і 109 ударных дронаў. Украінская супрацьпаветраная абарона збіла 102 ракеты і 99 беспілотнікаў. Загінулі сем чалавек, яшчэ 47 — пацярпелі. Пашкоджаныя аб'екты энэргетычнай інфраструктуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.