"Раскосмас" вінаваціць Трампа ў спробе захопу іншых планет
Дзяржаўная карпарацыя "Раскосмас" вінаваціць прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ў спробе захопу іншых планет, паведамляе інфармагенцтва РБК.
Напярэдадні Трамп падпісаў указ у падтрымку камерцыйнага асваення рэсурсаў на Месяцы і іншых нябесных целах. У "Раскосмасе" гэты ўказ лічаць спробай экспрапрыяцыі касмічнай прасторы, заявіў намеснік гендырэктара па міжнародным супрацоўніцтве Сяргей Савельеў.
Па яго словах, "агрэсіўныя планы па фактычным захопе тэрыторый іншых планет наўрад ці настройваюць краіны на плённае супрацоўніцтва". Савельеў таксама заявіў: "У гісторыі ўжо былі прыклады, калі адна краіна вырашыла пачаць захопліваць тэрыторыі ў сваіх інтарэсах — усе памятаюць, што з гэтага выйшла".
Трамп заявіў, што ЗША не прызнаюць Пагадненне аб дзейнасці дзяржаў на Месяцы і іншых нябесных целах, прынятае рэзалюцыяй Генасамблеі ААН у 1979 годзе. Паводле дакумента ААН даследаванне Месяца становіцца здабыткам чалавецтва і праводзіцца ў інтарэсах усіх краін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.